Xreferat.com » Топики по английскому языку » Гісторыя беларускага мовазнаўства

Гісторыя беларускага мовазнаўства

адна мова – тая, на якой размаўлялі ruteni. У Заходняй і Цэнтральнай Еўропе ХV – ХVІІ стст. тэрмін ruteni побач з russi і roxolani абазначаў разам беларусаў і ўкраінцаў, у адрозненне ад тэрміна moschovitae, які ўжываўся для абазначэння “московитов, великорусов”. У І.Ужэвіча sacra lingua sclavonica (царкоўнаславянская мова) супрацьстаіць мове, якая з’яўляецца аб’ектам “Граматыкі...” (ruteni). Такім чынам, “Граматыка...” І.Ужэвіча ўяўляе сабой першы ва ўсходнеславянскай традыцыі вопыт апісання не царкоўнаславянскай мовы, а літаратурна-пісьмовай мовы (!), якой карысталіся ў ВКЛ у ХVІ – ХVІІ стст. і якая ў аднолькавай ступені з’яўляецца спадчынай беларусаў і ўкраінцаў. Перш за ўсё гэтым цікавая для нас “Граматыка...” І.Ужэвіча.

“Граматыка словенская” І. Ужэвіча складаецца з трох частак: фанетыка-арфаграфічнай, марфалагічнай і сінтаксічнай. Пры разглядзе гукаў і літар (гэтыя паняцці яшчэ не размяжоўваліся) вылучаліся 43 літары, з іх 24 зычныя, астатнія – галосныя.

У правапісе І.Ужэвіч зафіксаваў найбольш адметныя асаблівасці старабеларускага пісьма, якія адлюстравалі спецыфічныя фанетычныя працэсы ў народна-гутарковай мове. Ён не адрозніваў на пісьме літары ђ і е, што сведчыла пра супадзенне гукаў [ђ] і [е] у адным – [э]; адлюстраваў працэс зацвярдзення губных на канцы слова, шыпячых, [ц], [р]. Гэтым “Граматыка...” І.Ужэвіча збліжалася з нормамі старабеларускага дзелавога пісьменства, якое арыентавалася на перадачу асноўных фанетычных асаблівасцей жывой мовы. І.Ужэвічам шырока перададзены разнастайныя асіміляцыйна-дысіміляцыйныя працэсы. Да спецыфічных беларускіх рыс, адлюстраваных у “Граматыцы...”, належаць напісанне прыстаўной і (ірце), спалучэння зн замест здн і інш. Пры афармленні форм роднага склону неадушаўлёных абстрактных назоўнікаў мужчынскага роду І.Ужэвіч прапанаваў канчатак -у- (кошту, розуму). З іншых асаблівасцей можна адзначыць ужыванне словаформ з канчаткамі –амі (-ямі) для творнага, -ахъ (-яхъ) для меснага склону назоўнікаў множнага ліку (каменями, въ соболяхъ). Характэрнымі для беларускай мовы марфалагічнымі паказчыкамі вызначалася і сістэма прыметніка, напрыклад, канчаткам -ого для прыметнікаў мужчынскага роду і –ое для жаночага роду ў родным склоне адзіночнага ліку (вдячного, святое); суфіксамі –ш-, -ейш-, прэфіксам най- для ўтварэння форм ступеней параўнання (смачнейший, найсмачнейший).

Па сутнасці ўпершыню І.Ужэвіч даў трохчленную класіфікацыю часавых форм дзеяслова (цяперашні, будучы, прошлы), што адпавядала рэальнаму стану мовы. Услед за М.Сматрыцкім І.Ужэвіч разгледзеў дзеепрыслоўе. У граматычна-правапіснай сістэме І.Ужэвіч адлюстраваў працэс станаўлення марфалагічных норм старабеларускай мовы. Ён засяродзіў увагу на апісанні сінтаксічных асаблівасцей народнай мовы, у прыватнасці, параўнальных прыметнікавых канструкцый (слонце яснейшое месеца), інфінітыўных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў (ён упившися пошол спати). У лексічным складзе “Граматыкі...” І.Ужэвіча добра адлюстраваны працэс фарміравання слоўніка беларускай мовы на пэўным гістарычным этапе. У слоўнікавым, як і ў граматычным складзе, “Граматыка...” І.Ужэвіча адлюстравала характэрны для свайго часу працэс узаемаўплыву і ўзаемаўзбагачэння беларускай і польскай моў.

На жаль, “Граматыка словенская” не была надрукавана і не змагла адыграць належнай ролі ў распрацоўцы мовы тагачаснай свецкай літаратуры. Аднак усё зробленае Іванам Ужэвічам дае падставы сцвярджаць, што яго імя павінна стаяць побач з імёнамі такіх выдатных дзеячоў эпохі беларускага Адраджэння, як Ф.Скарына, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі, С.Будны і інш. Такім чынам, буквары, граматыкі і іншыя вучэбныя дапаможнікі засведчылі высокі ўзровень мовазнаўчай думкі на Беларусі ў старажытныя часы. Аб’ектам іх распрацовак была ў асноўным царкоўнаславянская мова. Уласна беларуская мова стала аб’ектам вывучэння значна пазней. Аднак традыцыі старажытнага ўсходнеславянскага мовазнаўства адыгралі станоўчую ролю ў яе распрацоўцы.


Тэма: Старажытныя ўсходнеславянскія лексікаграфічныя дапаможнікі


Друкаваныя слоўнікі канца ХVІ – ХVІІ стст. прадэманстравалі высокі ўзровень філалагічнай думкі ўсходніх славян старажытнай пары. К канцу ХVІ ст. перадавыя дзеячы культуры ўжо мелі багаты вопыт перакладаў і тлумачэнняў незразумелых слоў. Сярод тых, хто займаўся гэтай справай, можна назваць Францыска Скарыну, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Мілеція Сматрыцкага і іншых дзеячоў.

Царкоўнаславянская мова як афіцыйная мова праваслаўнай царквы, навукі была не зусім зразумелай простым людзям, якія ў паўсядзённым жыцці карысталіся жывой беларускай мовай. З мэтай наблізіць простых людзей да культуры і навукі Францыск Скарына на палях сваіх выданняў рабіў глосы – падбіраў адпаведнікі да царкоўнаславянскіх слоў, слоў запазычаных або ўстарэлых. Можна лічыць, што глосы, змешчаныя ў выданнях Ф.Скарыны – першыя працы па беларускай лексікаграфіі. Для тлумачэння незразумелых слоў Ф.Скарына выкарыстоўваў розныя спосабы тлумачэння. Часцей за ўсё ён выкарыстоўваў спосаб аднаслоўнага перакладу (риторъ – мовца, языцы – народы, скиния – становішча). Сустракаюцца таксама тлумачэнні слоў словазлучэннямі (югъ – ветръ полуденный, ливъ – ветръ отъ западу). У выданнях Ф.Скарыны адлюстраваны амаль усе фанетычныя рысы жывой беларускай мовы ХVІ ст.

Ф.Скарына ўводзіў у тэксты спрадвечнабеларускія словы тыпу ужитокъ, господаръ, помста, смуток, обецати, пригожий і многія іншыя, а таксама многія граматычныя рысы жывой беларускай мовы: канчатак -у (-ю) у форме Р.скл. назоўнікаў мужчынскага роду, -ого (-его) прыметнікаў і іншыя. Гэтым Ф.Скарына падсвядома імкнуўся да прызнання яго роднай мовы ў якасці літаратурнай, дзяржаўнай, здольнай выконваць разнастайныя функцыі ў грамадстве. Гэты накірунак, намечаны Ф.Скарынам, знайшоў свой далейшы працяг у дзейнасці яго паслядоўнікаў – С.Буднага, В.Цяпінскага, Л.Зізанія, М.Сматрыцкага і іншых, у тым ліку ананімных дзеячоў другой паловы ХVІ – ХVІІ стст., якія поўнасцю перайшлі на беларускую мову.

Значнай лексікаграфічнай працай неабходна прызнаць і глосы Васіля Цяпінскага, пададзеныя ў Евангеллі (пач. 70-х гг. ХVІ ст.). Гэтыя глосы разнастайныя паводле формы і зместу. Найчасцей сустракаюцца глосы, у якіх паясняецца сэнс невядомых на той час слоў і выразаў. Многія глосы маюць этымалагічны характар – у іх змяшчаюцца звесткі пра паходжанне слоў, пазначана, з якой мовы прыйшло пэўнае слова, і іншае.

Адной з першых ва ўсходніх славян спроб стварэння тлумачальна-перакладнога слоўніка з’яўляецца рукапісны “Лексисъ съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто” (другая палова ХVІ ст.). Зверка слоўніка з тэкстамі тагачасных выданняў, і перш за ўсё Астрожскай Бібліі І.Фёдарава (1581 г.), дае важкія аргументы, якія дазваляюць замацаваць за Іванам Фёдаравым аўтарства “Лексиса съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто”. “Лексисъ...” змясціў 897 слоў, з іх 776 слоў былі перакладзены з царкоўнаславянскай мовы на жывую гаворку. Старажытнабеларускімі лексічнымі адпаведнікамі тлумачыліся таксама запазычанні з грэчаскай, лацінскай і іншых моў. “Лексисъ...” – адзін з самых ранніх помнікаў старажытнай беларускай лексікаграфіі, які меў на мэце не толькі садзейнічаць вывучэнню царкоўнаславянскай мовы, але і далучаць вучняў брацкіх школ да простай народнай мовы.

У 1596 годзе ў Вільні Лаўрэнцій Зізаній выдаў асобны слоўнік – “Лексис, сиречь речения, въкратъце събраньны и из словенскаго языка на простый рускій діялектъ истолъкованы”. Гэта асобная друкаваная лексікаграфічная праца тлумачальна-перакладнога тыпу, дзе незразумелыя царкоўна-славянскія словы растлумачаны пры дапамозе агульнаўжывальнай старабеларускай лексікі.

У рэестравай частцы слоўніка 1061 слова, у тлумачальнай – больш за 2 тыс. слоў. Рэестравыя словы размешчаны ў алфавітным парадку. Значная большасць слоў адносіцца да кніжнай лексікі (напр., ангел, апостолъ, храмъ). Сустракаюцца таксама словы, якія ўваходзяць у розныя тэматычныя групы царкоўнаславянскай лексікі, бытавая лексіка, а таксама спецыяльная, тэрміналагічная, назвы шматлікіх абстрактных паняццяў. У сваім слоўніку Л. Зізаній замацаваў многія ўласнабеларускія словы (лазня, глупство, населникъ, порада). Добра ведаючы народную гаворку, Л.Зізаній нярэдка ўводзіў у слоўнік шматлікія беларускія сінонімы (врач – лекар, доктар; ярость – сердитость, запальчивость; гибель – утрата, погибель). У “Лексисе...” пераважаюць нейтральныя словы, аднак сустракаюцца і эмацыянальна-вобразныя, стылістычна афарбаваныя (истуканъ – вылітый болъванъ). “Лексис...” меў для свайго часу вялікае практычнае значэнне: тагачасныя пісьменнікі мелі багаты матэрыял для выбару патрэбнага слова – кніжнага або жывога народнага.

У ХVІІ ст. слоўнікавую справу працягваў Памбва Бярында. Яго слоўнік “Лексіконъ славеноросскій и имен тлъкованіе” быў выд8адзены ў 1627 годзе ў Кіеве, а потым перавыдадзены ў 1653(8?) у друкарні Куцеінскага манастыра пад Оршай. Сваю працу П.Бярында ствараў 30 гадоў у неспрыяльных умовах. П.Бярында поўнасцю выкарыстаў “Лексис...” Л.Зізанія, а таксама матэрыялы іншых тагачасных слоўнікаў.

У “Лексіконе...” каля 7 тыс. рэестравых слоў, з іх каля 5 тыс. – агульнаўжывальныя, каля 2 тыс. – уласныя назвы. Часцей рэестравыя словы тлумачацца адным словам (лествица – драбина, агница – авечка), але нарэдка сустракаюцца і сінанімічныя рады для тлумачэння рэестравых слоў (баснь – казка, байка, вымысел). Ёсць у слоўніку і разгорнутыя тлумачэнні рэестравых слоў (коха – мурашникъ, в котором мурашки живутъ). Сустракаюцца ў слоўніку каментарыі этымалагічнага характару, але ў некаторых выпадках П. Бярында этымалогію падаваў памылкова.

Патрэбнасць, папулярнасць слоўніка, а таксама той факт, што праз некаторы час яго ўжо цяжка было дзе-небудзь знайсці або купіць, сталі прычынай перавыдання слоўніка. У другім выданні некаторыя незразумелыя ўкраінізмы былі заменены беларускімі словамі, але ўвогуле слоўнік быў перавыдадзены без істотных змен.

“Лексікон...” П.Бярынды выяўляў багацці царкоўнаславянскай мовы, а таксама шырока дэманстраваў лексічныя сродкі жывой народнай гаворкі. Тым самым слоўнік спрыяў папулярызацыі царкоўнаславянскай мовы, а таксама знаёмству з фактамі беларускай мовы.

Адной з аўтарытэтных сярод расійскіх лексікографаў прац, разам з “Лексисам съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто” і “Лексісам... Л.Зізанія, была “Сіноніма славенаросская” – тлумачальна-перакладны лексікон ХVІІ стагоддзя. У яго рэестравай частцы, якая змяшчае каля 5 тыс. сінанімічна-тлумачальных радоў, пераважае старажытная беларуская лексіка, якая перакладаецца на старажытнарускую мову. Гэты слоўнік – самы апошні помнік пісьменства часоў беларуска-ўкраінскай этнічнай супольнасці.

Такім чынам, “Лексис...” Л.Зізанія, “Лексікон...” П.Бярынды, а таксама іншыя лексікаграфічныя працы старажытнай пары спрыялі таму, што беларуская, украінская, руская і царкоўнаславянская лексіка станавіліся раўнапраўнымі. А гэта садзейнічала таму, што літаратурная мова паступова страчвала стараславянскія архаічныя элементы і ўсё больш убірала ў сябе словы жывой народнай гаворкі.

Своеасаблівым шматмоўным слоўнікам старажытнай пары можна лічыць “Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці” Ліцынія Намыслоўскага. Ліцыній Намыслоўскі паходзіў з сілезскага горада Намыслаў. Вучыўся ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. У 1585 г. быў прызначаны рэктарам арыянскай школы ў Іўі, заснаванай паплечнікамі С.Буднага, з 1593 г. – прапаведнік абшчыны арыян у Навагрудку. Сваю асветніцкую дзейнасць Л.Намыслоўскі прысвяціў барацьбе за здзяйсненне ідэй левага рацыяналістычнага крыла Рэфармацыі, якое на Беларусі ўзначальваў С.Будны. Светапоглядную пазіцыю Л.Намыслоўскага, заснаваную па прынцыпе дэізму, адлюстроўвае яго вусная і пісьмовая палеміка з іезуітамі і кальвіністамі. У 1615 г. за атэістычныя погляды Навагрудскі сінод адлучыў Л.Намыслоўскага ад сацыніянскай абшчыны.

Л.Намыслоўскі – адзін з пачынальнікаў свецкай адукацыі на Беларусі. Працуючы ў Іўеўскай школе, ён напісаў падручнік па логіцы пад назвай “Дапаможнік для авалодання вучэннем Арытоцеля” і надрукаваў яго ў Лоску ў 1586 г. на лацінскай мове. У гэтай кнізе шмат лагічных разважанняў, у якіх крытыкаваліся асноўная догмы хрысціянскай рэлігіі. У 1589 г. у Лоскім друкарскім двары выдадзены другі вучэбны дапаможнік Л.Намыслоўскага “Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці” – адзіны ў сваім родзе зборнік маралізатарскіх выказванняў, часткова арыгінальных думак, часткова запазычаных з іншых лірататурных крыніц і апрацаваных у вершаванай форме. Гэту кнігу можна лічыць першым падручнікам жывых замежных моў у тагачаснай Беларусі, таму што тут чаргаваліся розныя, але аналагічныя паводле зместу выказванні на лацінскай, польскай і нямецкай мовах. У кнізе 255 вершаваных павучанняў трох тыпаў, вытрыманых у духу Адраджэння. Лацінская частка набрана антыквай (лацінскі шрыфт прамавугольнай вуглаватай формы), польская частка – гатычным шрыфтам, нямецкая – курсівам. У 110 павучаннях ёсць спасылкі на крыніцы (псалмы, прытчы, Кнігу прарокаў, Евангелле і інш.). Увогуле ж сентэнцыі, вершаваныя Л.Намыслоўскім, арыгінальныя і не маюць аналогій у працах тагачасных еўрапейскіх паэтаў. Спецыяльныя сентэнцыі Л. Намыслоўскі прысвяціў такім маральным вартасцям і заганам, як паслухмянасць, непакой, памяркоўнасць, вытрымка, п’янства, помста, мудрасць і інш. Для ўсіх выслоўяў характэрны розныя адценні адной і той жа думкі на лацінскай, нямецкай і польскай мовах, што яшчэ шырэй раскрывае абрысы задумы аўтара, яго поглядаў і высноў. Спадчына Л. Намыслоўскага і сёння мае філасофскае, маральнае і літаратурна-мастацкае значэнне.

Рукапісныя і друкаваныя граматыкі, слоўнікі і буквары ХVІ – ХVІІстст. сведчаць пра высокі ўзровень філалагічнай навукі на Беларусі. Яны аказвалі ўздзеянне на старабеларускае пісьменства з боку уніфікацыі і стандартызацыі літаратурных норм, садзейнічалі вывучэнню і апісанню семантыкі слоў, уводзілі ў навуковы ўжытак народна-размоўныя формы.

У Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай. Аднак з ХVІІ ст. на беларускіх землях паступова пашыраецца польска-лацінскае пісьменства, ствараюцца неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай мовы, якая з прыняццем у 1696 годзе сеймам Рэчы Паспалітай пастановы аб забароне афіцыйнага карыстання ею застаецца толькі ў вусным маўленні народа.

Новы этап у вывучэнні беларускай мовы пачынаецца з ХІХ стагоддзя, калі ў тагачасным грамадстве ўзрасла цікавасць да этнаграфіі беларускага народа і яго дыялектаў.


Тэма: Развіццё мовазнаўчай думкі ў ХІХ ст. Зараджэнне параўнальна - гістарычнага мовазнаўства


У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. у Еўропе развіваюцца параўнальныя прыродазнаўчыя дысцыпліны, назіраецца росквіт розных жывых літаратурных моў, актывізуецца стварэнне перакладных слоўнікаў; была адкрыта старажытнаіндыйская мова санскрыт, актыўна вялася практычная работа па напісанні граматык і слоўнікаў розных моў. Усё гэта з’явілася перадумовамі для ўзнікнення параўнальна-гістарычнага мовазнаўства (кампарытывістыкі).

Першая спроба класіфікацыі моў належыць французскаму гуманісту Гвілельму Пастэлусу, які яшчэ ў 1538 г. выдаў працу “Пра роднасць моў”.

У гэтым жа ХVІ стагоддзі італьянскі купец Ф.Сасеці ў пісьмах з Індыі ра радзіму паказаў роднасць лічэбнікаў у італьянскай мове і санскрыце.

У 1599 годзе галандскі даследчык Іосіф Скалігер у працы “Думкі пра еўрапейскія мовы” зрабіў спробу размеркаваць усе еўрапейскія мовы на адзінаццаць галін шляхам параўнання супадаючых слоў.

У канцы ХVІІ ст. нямецкі філосаф Готфрыд Лейбніц размяжоўваў індаеўрапейскія мовы (паводле яго тэрміналогіі, “кельцкія”) і урала-алтайскія (“скіфскія”).

У пачатку ХVІІІ ст. галадскі вучоны Ламберт тэн Катэ сфармуляваў ідэю пра гістарычнае развіццё германскіх моў, устанавіў роднасць гоцкай, нямецкай, галандскай, англійскай і ісландскай моў. Ён выказаў меркаванне пра роднасць германскіх моў з грэчаскай, лацінскай, албанскай, кельцкімі і славянскімі мовамі (да іх памылкова адносіў літоўскую і латышскую).

М.В.Ламаносаў у працах “Расійская граматыка” (1755 г.), “Прадмова на карысць кніг царкоўных у расійскай мове” (1758 г.) і іншых выказаў меркаванне, што славянскія мовы паходзяць ад агульнаславянскай мовы і знаходзяцца паміж сабой у рознай ступені роднасці. Ён паказаў таксама сваяцтва славянскіх моў з іншымі індаеўрапейскімі мовамі, асабліва адзначыў цесную сувязь з балтыйскімі мовамі.

У канцы ХVІІІ ст. англійскі ўсходазнавец У.Джоунз сцвярджаў, што ўсе еўрапейскія мовы паходзіяць з адной крыніцы, якой, магчыма, з’яўляецца санскрыт.

У пачатку ХІХ ст. нямецкі вучоны Ф.Шлегель пісаў аб роднасці санскрыту з лацінскай, грэчаскай, германскай і персідскай мовамі.

Прыкладна ў гэты ж час у Расіі было напісана ананімнае даследаванне “Аб падабенстве санскрыцкай мовы з рускай”.

Адзначаныя першыя спробы класіфікацыі моў падрыхтавалі глебу для ўзнікнення параўнальна-гістарычнага метаду даследавання і садзейнічалі з’яўленню ранніх варыянтаў параўнальна-гістрычнага мовазнаўства.

Нягледзячы на ўсё гэта, агульнапрызнанымі заснавальнікамі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства лічацца дацкі вучоны Расмус Крысціян Раск (1787–1832), нямецкія Франц Боп (1791–1867) і Якаб Грым (1785–1863), рускі Аляксандр Хрыстафоравіч Вастокаў (1781–1864), якія прыблізна ў адзін час у сваіх працах даказалі роднасць розных еўрапейскіх моў на падставе глыбокага гістарычнага аналізу вялікага эмпірычнага матэрыялу, пераважна фанетычнага і марфалагічнага.

У ХІХ ст. быў знойдзены крытэрый лінгвістычнага параўнання моў – граматычныя формы, лічэбнікі, назвы роднасці і сваяцтва і інш. Параўнальна-гістарычны метад улічвае заканамернасці гукавых змен у тоесных марфемах розных слоў. Ф.Боп у 1816 г. устанавіў тоеснасць сістэмы спражэння ў некаторых еўрапейскіх мовах і санскрыце, што з’явілася доказам роднасці гэтых моў. К.Раск браў не толькі марфалагічныя паказчыкі, але і гукавыя суадносіны. Ён даследаваў таксама лексічныя супадзенні ў розных мовах і выказаў ідэю пра паходжанне еўрапейскай мовы ад адной прамовы – фракійскай. Нямецкі філолаг Я.Грым (сааўтар вядомых казак) незалежна ад Раска адкрыў законы пра перамяшчэнне зычных у верхненямецкай мове, выявіў істотныя суадносіны граматычных форм лічэбнікаў, назваў роднасці. А.Х Вастокаў шляхам суапастаўлення паказаў не толькі роднасць славянскіх моў, але і адкрыў істотныя фанетычныя заканамернасці ў іх развіцці. Ён выявіў таксама значэнне і характар вымаўлення старажытнах насавых гукаў – юсоў, рэдукаваных галосных і іншых.

У ХІХ ст. параўнальна-гістарычны метад удасканальваецца і канкрэтызуецца пры вывучэнні раманскіх, славянскіх, германскіх і іншых моў. Вялікая заслуга ў гэтым такіх нямецкіх вучоных кампаратывістаў, як Аўгуст Фрыдрых Пот, Георг Курцыўс, Адальберт Кун, Фрыдрых Дыц, славенца Франца Міклашыча. Ва ўсходнеславянскім свеце ідэі параўнальна-гістарычнай навукі на матэрыяле славянскіх моў працягвалі распрацоўвацца дзякуючы намаганням Ізмаіла Іванавіча Сразнеўскага, Міхаіла Аляксандравіча Максімовіча, Фёдара Іванавіча Буслаева і іншых даследчыкаў.

З адкрыццём параўнальна-гістарычнага метаду мовазнаўства стала самастойнай навукай, адасобленай ад філасофіі і гісторыі; апрача таго, з цягам часу была падрыхтавана аснова для ўзнікнення агульнага мовазнаўства.

Если Вам нужна помощь с академической работой (курсовая, контрольная, диплом, реферат и т.д.), обратитесь к нашим специалистам. Более 90000 специалистов готовы Вам помочь.
Бесплатные корректировки и доработки. Бесплатная оценка стоимости работы.

Поможем написать работу на аналогичную тему

Получить выполненную работу или консультацию специалиста по вашему учебному проекту
Нужна помощь в написании работы?
Мы - биржа профессиональных авторов (преподавателей и доцентов вузов). Пишем статьи РИНЦ, ВАК, Scopus. Помогаем в публикации. Правки вносим бесплатно.

Похожие рефераты: