Xreferat.com » Рефераты по зарубежной литературе » Сутнасць і спецыфіка мастацтва

Сутнасць і спецыфіка мастацтва

Змест


1. Сутнасць і спецыфіка мастацтва

1.1 Азначэнне мастацтва

1.2 Творчы характар мастацтва. Мастацтва як з’ява эстэтычная

1.3 Мастацкі вобраз

1.4 Віды мастацтва. Некаторыя асаблівасці класіфікацыі і сістэматызацыі відаў мастацтва

1.5 Пазнавальны аспект мастацтва

1.6 Аўтарскі пачатак у мастацтве

1.7 Аксіялагічны аспект мастацтва

1.8 Мастацтва ў суаднесенасці з іншымі формамі грамадскай свядомасці, культуры і галінамі творчай дзейнасці людзей

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Сутнасць і спецыфіка мастацтва


1.1 Азначэнне мастацтва


Слова "мастацтва" шматзначнае. У асноўным ім імянуюцца вынікі і прадукты спецыфічнай дзейнасці, накіраванай на стварэнне каштоўнасцей, якія ўздзейнічаюць у першую чаргу на пачуцці чалавека. Сюды ўключаюць часам і сам працэс стварэння мастацкіх каштоўнасцей.

Пад мастацтвам разумеюць спецыфічную грамадскую з’яву, складаную сістэму якасцей і каштоўнасцей, у якой арганічна ўзаемазвязаны наступныя моманты: адлюстраванне і стварэнне рэчаіснасці, ці, дакладней, яе перастварэнне, а таксама пазнанне і ацэнка.

Дадзенай дэфініцыяй акрэслена практычна самае сутнаснае і вызначальнае ў мастацтве, а менавіта тое, што яно, па-першае, не проста адлюстроўвае рэчаіснасць, а перарабляе, перастварае яе, надаючы ёй нейкія новыя якасці і рысы; па-другое, і, па-трэцяе, побач з пазнаннем рэчаіснасці падчас яе новага ўзнаўлення абавязкова мае месца аўтарская ацэнка гэтай рэчаіснасці.

Менавіта так, як пададзена вышэй, ацэньвае самую асноўную сутнасць і спецыфіку мастацтва пераважная большасць сучасных айчынных эстэтыкаў, мастацтвазнаўцаў і літаратуразнаўцаў. Адзінай жа і агульнапрынятай канцэпцыі мастацтва на сённяшні дзень ні ў нашай айчыннай навуцы, ні ў замежнай пакуль што не выпрацавана.

Каб лепш зразумець сутнасць праблемы, бегла пройдземся па гісторыі ўзнікнення і станаўлення поглядаў на мастацтва, на яго прыроду, спецыфіку, эвалюцыйныя змены ў складзе гэтай галіны дзейнасці людзей і формы грамадскай свядомасці.

Так, яшчэ ў старажытнасці ў Грэцыі ўзнікла тэорыя мімезісу, г. зн. падражання, наследавання мастацтва прыродзе. У афіцыйнай эстэтыцы хрысціянскага сярэднявечча мастацтва ўспрымалася як "боскае адкрыццё", а ў эпоху Адраджэння - як віртуозная імітацыя натуры чалавека. Тэарэтыкі класіцызму трактавалі сутнасць мастацтва як увасабленне "зграбнага" ў мастацкіх вобразах. Мастацтва, паводле І. Канта, - гэта "мэтазгодная дзейнасць без мэты". Гегель глядзеў на мастацтва як на з’яву, у якой увасабляецца ў адэкватнай пачуццёвай форме яго славутая "абсалютная ідэя" ("абсалютны дух").Л. Талстой разумеў мастацтва як "заражэнне" маральнымі ідэямі і думкамі, якое ажыццяўляецца праз пачуцці.

Сутнасць мастацтва па-рознаму, нават часам самым процілеглым чынам, трактуецца шматлікімі плынямі замежнай эстэтыкі ХХ ст. Суб’ектывісцкія школы інтуітывісцка-ірацыянальнага накірунку (заснавальнікі Б. Крочэ, А. Бергсан і інш.) пад мастацтвам разумеюць "стыхійнае, неўсвядомленае самавыяўленне мастака"; у эстэтыцы неатамізму (Марытэн) мастацтва лічыцца ўвасабленнем боскай "духоўнай субстанцыі"; экзістэнцыялізм (Сартр) інтэрпрэтуе мастацтва як выяўленне мастацкімі сродкамі сутнасці індывіда ў "пагранічнай сітуацыі" паміж "быццём і небыццём"; фрэйдысцкая эстэтыка разглядае мастацтва як своеасаблівае выяўленне (альбо хаванне) у мастацка-пачуццёвай форме сексуальных памкненняў асобы; фенаменалогія трактуе мастацтва як феномен, які раскрываецца ў працэсе суб’ектыўнага перажывання.

Прыведзеныя вышэй, а таксама некаторыя іншыя канцэпцыі мастацтва і мастацкай творчасці аўтар аднаго з новых расійскіх падручнікаў па тэорыі літаратуры І. Волкаў дзеліць на тры асноўныя групы:

1) канцэпцыі сутнасці мастацтва як падражання жыццю (канцэпцыі Арыстоцеля, "бацькі царквы" Аўгусціна Блажэннага, французскага і еўрапейскага класіцызму і Асветніцтва);

2) канцэпцыі сутнасці мастацтва як суб’ектыўнай творчай здольнасці (канцэпцыі І. Канта, А. Шапэнгаўэра, прадстаўнікоў псіхалагічнай школы, З. Фрэйда, А. Бергсана, Б. Крочэ, еўрапейскіх фенаменолагаў, экзістэнцыялістаў, "неакрытыкаў", структуралістаў, прадстаўнікоў фармальнай школы);

3) аб’ектыўна-гістарычныя канцэпцыі мастацтва (канцэпцыі Гегеля, М. Чарнышэўскага, М. Дабралюбава, прадстаўнікоў культурна-гістарычнай школы, параўнальна-гістарычнага метаду альбо кампаратывістыкі, К. Маркса, Ф. Энгельса і іх паслядоўнікаў). Крытычна адштурхоўваючыся ад распаўсюджанай сярод айчынных вучоных у 1930-1950-я гг. тэорыі "вобразнай сутнасці мастацтва", І. Волкаў разглядае тут жа (таксама пад пэўным крытычным "прыцэлам") дзве сучасныя канцэпцыі мастацтва, А. Бурава і Г. Паспелава, якія, калі так можна сказаць, бліжэй стаяць да спасціжэння ісціны ў сутнасці мастацтва і мастацкай творчасці. Асноўная думка, якую праводзіць І. Волкаў услед за гэтымі вучонымі, і асабліва ўслед за Г. Паспелавым, - гэта наяўнасць у мастацтва свайго спецыфічнага прадмета пазнання і ідэйна-эмацыянальнай ацэнкі: "Мастак, з пункту гледжання Паспелава, пазнае грамадскую характэрнасць жыцця дзеля таго, каб выразіць да яе свае грамадска-зацікаўленыя, ідэалагічныя адносіны. Але не ў сэнсе тэарэтычных форм ідэалогіі (філасофіі, палітычных дактрын і г. д.), а ў тым сэнсе, як гэта людзі робяць у паўсядзённым жыцці, - непасрэдна. Таму ў цэлым ён бачыць сутнасць мастацтва ў непасрэдным ідэалагічным пазнанні сацыяльнай характэрнасці чалавечага жыцця і звязанай з ёй звычайнай прыроды".

Зазначым, што І. Волкаву хоць і імпануе канцэпцыя мастацтва і мастацкай творчасці Г. Паспелава, аднак яе вучоны таксама лічыць не зусім дасканалай.

У сваім падручніку "Тэорыя літаратуры" І. Волкаў прыводзіць і даволі крытычна ацэньвае яшчэ адну сучасную айчынную канцэпцыю мастацтва і мастацкай творчасці, якая склалася ў значнай ступені пад уплывам фармальнай школы 1920-х гг., а таксама пад уплывам сучаснага фармальна-структурнага літаратуразнаўства, - канцэпцыю Ю. Лотмана, выкладзеную ім у кнізе "Аналіз паэтычнага тэксту". Сутнасць мастацкага твора разглядаецца тут як заключаная ў самім тэксце і толькі ў тэксце. Пры гэтым тэкст бярэцца як поўнасцю замкнёная ў сабе сістэма маўленчых знакаў, значэнне якіх самакаштоўнае і не выходзіць за рамкі дадзенага тэксту. Вучоны прама піша, што абстрагуецца ад іншых аспектаў (бакоў) мастацкага твора: "Праблемы сацыяльнага функцыянавання тэксту, псіхалагічнага ўспрымання, пры ўсёй іх яўнай важнасці, намі з разгляду выключаюцца; не разглядаем мы і пытанні стварэння і гістарычнага функцыянавання тэксту. Прадметам нашай увагі будзе паэтычны тэкст, узяты як асобнае, ужо закончанае і ўнутрана самастойнае цэлае".

Канцэпцыі сутнасці мастацтва Г. Паспелава і Ю. Лотмана недаацэньваюць, па І. Волкаву, "прамежкавае звяно паміж зыходным пазнавальна-ацэначным зместам і гатовым мастацкім тэкстам, г. зн. уласна творчы працэс, той самы працэс, які <. > пакладзены ў аснову "суб’ектыўна-творчых" канцэпцый мастацтва. Але апошнія абсалютызуюць значэнне гэтага звяна ў мастацкай творчасці, разглядаюць мастацтва як праяўленне чыста суб’ектыўнай творчай здольнасці мастака і на гэтай аснове адрываюць мастацтва ад рэчаіснасці і супрацьпастаўляюць ёй.

Таму, задача сучаснай тэорыі літаратуры заключаецца ў тым, - лічыць вучоны, - каб пераадолець усе гэтыя аднабаковасці і даць цэласнае ўяўленне аб сутнасці мастацкай творчасці, прасачыць, як з рэальнага аб’ектыўнага і суб’ектыўнага жыццёвага зместу творыцца ўласна мастацкі змест. Як ён набывае адпаведную форму і ператвараецца ў тэкст, як функцыянуе ўжо гатовы твор у рэальнай рэчаіснасці, у жыцці асобнага чалавека і ўсяго грамадства".


1.2 Творчы характар мастацтва. Мастацтва як з’ява эстэтычная


Пытанне сутнасці, прыроды мастацтва, яго спецыфікі хоць і застаецца па сённяшні дзень адкрытым, аднак у тэорыі мастацтва, поглядах на яго ёсць і бясспрэчныя моманты - свайго роду аксіёмы.

Па-першае, мастацтва мае творчы характар. Творчасць - гэта ініцыятыўная адухоўленая дзейнасць людзей дзеля захавання, перадачы і ўзбагачэння напрацаваных народамі і чалавецтвам у цэлым каштоўнасцей. Свет творчасці даволі багаты і шматпланавы. Творчы пачатак (у большай ці меншай ступені) прысутнічае ці не ва ўсіх формах дзейнасці людзей, уключаючы і самыя звычайныя - аж да паўсядзённых зносін і прыватных роздумаў, перажыванняў і г. д. Але найбольш поўна творчыя імпульсы і здольнасці людзей рэалізуюцца ў грамадскі важных сферах дзейнасці: навуковай, вытворча-тэхнічнай, дзяржаўна-палітычнай, філасофскай і, канешне ж, мастацкай. Нездарма мастацтва імянуюць менавіта мастацкай творчасцю.

Па-другое, мастацтва адносіцца да эстэтычных з’яў, г. зн. выклікае такія эмоцыі і перажыванні, якія ў першую чаргу ўздзейнічаюць на пачуцці чалавека, а ўжо потым асэнсоўваюцца ім разумова. Сфера эстэтычнага надзвычай шырокая. Эстэтычнае прысутнічае ў прыродзе, асабовых і грамадскіх адносінах, але не як абавязковае. Калі ж яно і ёсць, то не выступае ў якасці галоўнага і вызначальнага. У мастацтве ж эстэтычнае выходзіць на першы план, становіцца дамінуючым, набывае сваю сапраўдную паўнату і глыбіню.

Сувязі мастацтва са сферай эстэтычнага шматпланавыя. Па-першае, прадметам пазнання і ўзнаўлення ў мастацкіх творах становіцца жыццё ў яго эстэтычных якасцях і ўласцівасцях: усё тое ў рэальнасці, што "адрасавана" чалавечаму зроку і слыху. Па-другое, сам матэрыял мастацкіх вобразаў (гук у музычным творы, трохмерныя візуальна ўспрымальныя формы ў скульптуры, словы з іх фанетычным воблікам у літаратуры і г. д.) мае пачуццёвы характар і апелюе менавіта да эстэтычнага ўспрымання. І, нарэшце, эстэтычнае не толькі праламляецца ў творах мастацтва, але (і гэта ці не самае галоўнае) ствараецца ў выніку творчага акта. Мастацкія творы, што не ўспрымаюцца як эстэтычныя каштоўнасці, не выконваюць важнейшую і галоўнейшую з сваіх функцый.

мастацтва творчы характар

Аб творчым характары мастацтва і яго эстэтычнай прыродзе гаворыць таксама мастацкі вобраз, да разгляду спецыфікі якога мы звяртаемся ў наступным пытанні.


1.3 Мастацкі вобраз


У мастацтва як з’явы складанай і шматстайнай многа спецыфічных рыс. Аднак, відаць, самай спецыфічнай рысай мастацтва з’яўляецца яго вобразная прырода.

Па паходжанню слова "вобраз" старажытнагрэчаскае (эйдас) і ў перакладзе з гэтай мовы абазначае "воблік", "выгляд".

Вобразамі аперыруе не толькі мастацтва. Іх часам выкарыстоўваюць у дапаможных мэтах і некаторыя іншыя галіны пазнання і сацыяльнай свядомасці, як, напрыклад, філасофія і псіхалогія. Аднак дадзеныя вобразы, якія імянуюцца навукова-ілюстрацыйнымі альбо фактаграфічнымі, розняцца з уласна мастацкімі. Яны хоць і перадаюць канкрэтныя ўяўленні, г. зн. адлюстраванне чалавечай свядомасцю адзінкавых прадметаў (з’яў, фактаў, падзей) у іх пачуццёва ўспрымальным вобліку, але не згушчаюць іх, не канцэнтруюць істотныя для аўтара бакі жыцця ў імя іх ацэньваючага асэнсавання.

Асаблівую ролю ў стварэнні мастацкага вобраза адыгрывае ўяўленне творцы. Уяўленне мастака - гэта не толькі псіхалагічны стымул яго творчасці, але і нейкая дадзенасць, якая мае месца ў творы. У апошнім з дапамогай вымыслу прысутнічае прадметнасць, якая часам не мае сабе адпаведнасці ў рэальнасці.

Мастацкі вымысел як надзвычай важная састаўная частка мастацкага вобраза прысутнічае ў мастацтве з самага пачатку яго зараджэння. На самых ранніх этапах развіцця мастацтва ён, як правіла, не ўсведамляўся, бо архаічная свядомасць не размяжоўвала праўды гістарычнай і мастацкай. Аднак, пачынаючы ўжо з антычнасці (меркаванні Арыстоцеля ў яго славутай "Паэтыцы" наконт таго, што калі гісторык расказвае аб тым, што здарылася, дык паэт апавядае аб магчымым, аб тым, што магло адбыцца), гэтай катэгорыі і састаўной частцы мастацкага твора надаецца пэўная ўвага.

Мастакі Адраджэння і класіцызму пры ўсім іх імкненні наследаваць прыродзе ў мастацкіх творах таксама выкарыстоўвалі вымысел: запазычаныя імі ў старажытных сюжэты і персанажы ў кожным новым выпадку мастацкага ўзнаўлення якімсьці чынам трансфармаваліся, дадумваліся.

Асабліва моцна вымысел заявіў аб сабе ў эпоху рамантызму, калі ўяўленне і фантазія былі ўсвядомлены ў якасці важнейшых складнікаў чалавечага быцця.

У паслярамантычныя эпохі мастацкі вымысел крыху звузіў сваю сферу. У другой палове ХІХ - пачатку ХХ стст. пісьменнікамі-натуралістамі нават ставілася пытанне наконт таго, каб зусім вывесці вымысел з мастацтва ў імя дакументальна пацверджанага рэальнага факта.

Літаратура і мастацтва ХХ ст., як і раней, шырока абапіраюцца і на вымысел, і на нявыдуманыя падзеі і асобы. "Пры гэтым адказ ад вымыслу ў імя следавання праўдзе факта, у шэрагу выпадкаў апраўданы і плённы, наўрад ці можа стаць магістраллю мастацкай творчасці: без апоры на выдуманыя вобразы мастацтва і, у прыватнасці літаратуру, нельга ўявіць".

Прысутнасць у творах мастацкага вымыслу часам дае падставы вучоным і мастакам ставіць пытанне наконт жыццепадобнасці альбо ўмоўнасці адлюстраванага. Абедзве тэндэнцыі мастацкай вобразнасці прысутнічаюць у творчай практыцы, аднак адносіны да іх і з боку мастакоў, і з боку вучоных, а таксама рэцыпіентаў мастацтва (чытачоў, гледачоў, слухачоў і г. д.), розныя.

Размежаванне ўмоўнасці і жыццепадобнасці прысутнічае ўжо ў выказваннях Гётэ (артыкул "Аб праўдзе і праўдападобнасці ў мастацтве") і Пушкіна (нататкі аб драматургіі і яе непраўдападобнасці). Але асабліва напружана абмяркоўваліся суадносіны паміж імі ў айчыннай (ды і ва ўсёй сусветнай эстэтыцы) на рубяжы ХІХ-ХХ стст. Так, пафасна адкідваў усё непраўдападобнае і пераўвялічанае Л. Талстой (артыкул "Аб Шэкспіры і аб драме"). Для К. Станіслаўскага выраз "умоўнасць" быў ледзь не сінонімам слоў "фальш" і "ілжывы пафас". Абодва яны заканамерна арыентаваліся на вопыт і традыцыі рускай рэалістычнай літаратуры, вобразнасць якой была пераважна жыццепадобнай. З другога боку, многія дзеячы мастацтва пачатку ХХ ст. (напрыклад, У. Мейерхольд) аддавалі перавагу формам умоўным, часам абсалютызуючы іх значнасць і адвяргаючы жыццепадобнасць як нешта застарэлае і руціннае. У 1930-1950-я гг. жыццепадобныя формы як найбольш прыдатныя для літаратуры сацыялістычнага рэалізму (умоўнасць знаходзілася пад падазрэннем у роднасці з адыёзным фармалізмам - "параджэннем буржуазнай эстэтыкі") былі кананізаваны. У 1960-я гг. правы мастацкай умоўнасці былі зноў прызнаны. "Зараз, - сцвярджае В. Халізеў, - умацаваўся погляд, згодна з якім жыццепадобнасць і ўмоўнасць - гэта раўнапраўна і плённа ўзаемадзейныя тэндэнцыі мастацкай вобразнасці".

Акрамя мастацкага вымыслу ёсць яшчэ адно паняцце, без усведамлення якога нельга глыбока і па-сапраўднаму разабрацца ў сутнасці і спецыфіцы мастацкага вобраза, ва ўсякім разе, найбольш распаўсюджанага вобраза ў мастацтве - рэалістычнага. Гэта паняцце тыповага (тыпізацыі).

Слова "тып" (тыповае) выкарыстоўваецца ў дачыненні да мастацтва ў двух асноўных значэннях.

Па-першае, вучоныя і мастакі, адштурхоўваючыся ад першапачатковага сэнсу гэтага слова (ст. - гр. - узор, адбітак), падразумяваюць пад тыпамі прадметы стандартныя, пазбаўленыя індывідуальнай шматпланавасці, увасабляючыя нейкую пастаянную схему. Тып у дадзеным значэнні - гэта ўвасабленне і падкрэсліванне ў персанажы якойсьці адной рысы, адной чалавечай асаблівасці (ляноты, ілжывасці, сквапнасці і г. д.). Гэта, па А. Пушкіну, "тыпы адной (курсіў наш - В. Я.) страсці". Такое разуменне тыпа ідзе ад традыцый рацыяналізму ХVІІ-ХVІІІ стст. Асабліва многа такіх тыпаў у літаратуры класіцызму. Можа не ў такой ступені, як раней, але прысутнічаюць дадзеныя тыпы і ў літаратуры ХІХ-ХХ стст. (героі "Мёртвых душ" М. Гогаля, шэрагу твораў А. Чэхава, некаторых беларускіх пісьменнікаў пачатку і сярэдзіны ХХ ст. (К. Вясёлага, Ц. Гартнага і інш.).

Другое, больш шырокае разуменне тыпа, засноўваецца на асабліва яркім і поўным увасабленні ў персанажы не адной, а цэлага шэрагу характэрных (часам узаемавыключных) якасцей і рыс. Такія тыпы - гэта "жывыя твары", па А. Пушкіну. Тыповае ў шырокім яго разуменні валодае, як зазначыў Г. Паспелаў, "высокай ступенню характэрнасці". Такім чынам, дадзеныя тыпы ўжо можна і неабходна лічыць характарамі. Дакладней, менавіта такія тыпы вырастаюць з характараў.

Тэрмін "характар" ужываўся ўжо ў старажытнай Грэцыі. У кнізе "Характары" Феафраста, вучня Арыстоцеля, дадзеным паняццем абазначаюцца людзі як носьбіты якой-небудзь адной якасці і ўласцівасці, пераважна адмоўнай. Тут слова "характар" тоеснае пазнейшаму семантычнаму напаўненню слова "тып" (схематычнае і адналінейнае ўвасабленне нейкай адной знешняй, яўна бачнай чалавечай рысы).

У Новы час пад характарам сталі падразумяваць унутраную сутнасць чалавека, якая з’яўляецца складанай, шматпланавай і не заўсёды адкрываецца з першага погляду. У гэтым абноўленым значэнні дадзены тэрмін шырока выкарыстоўвалі Лесінг, Гегель, Маркс і Энгельс, прадстаўнікі культурна-гістарычнай школы (І. Тэн і інш.), а таксама многія пісьменнікі і мастакі.

Паняцце характару як сацыяльна-гістарычнай канкрэтыкі чалавечага быцця стала цэнтральным у марксісцкім літаратуразнаўстве.

Тыпізавацца мастацкі характар можа з дапамогай самых розных сродкаў: аўтарскага апісання, партрэтнай абмалёўкі, розных кампазіцыйных прыёмаў, адцяняючых дэталей і г. д. Самы ж лепшы і дзейсны сродак тыпізацыі - гэта наданне персанажам індывідуальнай моўнай характарыстыкі. Наогул індывідуалізацыя - вельмі важны момант тыпізацыі мастацкага характару.

Зазначым, што ў поглядах на тыповае і тыпізацыю (у сэнсе прыёмаў, сродкаў, самога працэсу ўвасаблення тыповага) у айчынным літаратуразнаўстве няма адзінай думкі.

Па-першае, пад уласна тыповым часта падразумяваюць мастацкае ўзнаўленне ў творах не выключных, часам адзінкавых, але "выдатных у сваім родзе" (М. Чарнышэўскі) з’яў жыцця, а, наадварот, адлюстраванне падзей і фактаў ужо вядомых і шырока распаўсюджаных і, такім чынам, страціўшых сваю пазнавальна-эўрыстычную каштоўнасць.

Па-другое, тыпізацыю некаторыя вучоныя лічаць уласцівасцю толькі рэалістычнага мастацтва. Так, напрыклад, В. Халізеў зазначае: "Тэорыі тыпізацыі і ўзнаўлення характэрнага - гэта несумненны крок наперад у спасціжэнні мастацтва як пазнавальнай дзейнасці. Але гэтыя канцэпцыі, што ўмацаваліся ў ХІХ ст., у той жа час аднабаковыя. Ва ўсякім выпадку, яны не ахопліваюць усіх форм мастацкага засваення рэальнасці. Мастацкая славеснасць здольная спасцігаць рэальнасць і ў тых выпадках, калі яна не мае справы з характарамі і тыпамі. Так, у міфах, казках, народным эпасе героі здзяйснялі пэўныя ўчынкі, але пры гэтым не маглі атрымліваць якой-небудзь характарыстыкі".

Такі пункт гледжання не прымае І. Волкаў. З мэтай лепшага разумення пазіцыі вучонага, а таксама азнаямлення з пэўнай гістарыяграфіяй пытання, прывядзём, хоць і з некаторымі скарачэннямі, але ж усё-такі даволі аб’ёмную цытату з вядомага ўжо нам падручніка "Тэорыя літаратуры": "У нашым сучасным літаратуразнаўстве, - піша І. Волкаў, - шырока бытуе прапанаваная В. Дняпровым канцэпцыя, згодна з якой тыпізацыя ёсць уласцівасць толькі рэалістычнага мастацтва, у той час як другія разнавіднасці мастацкай творчасці ствараюць абагульненыя вобразы з дапамогай ідэалізацыі. На наш погляд, гэта надзвычай вузкае разуменне тыповага ў мастацтве. Па сутнасці, тое, што Дняпроў называе ідэалізацыяй, ёсць не што іншае, як адна з разнавіднасцей мастацкай тыпізацыі станоўчых уласцівасцей жыцця, згушчэнне, узбуйненне, завастрэнне станоўчай характэрнасці жыцця. Абагульняць з дапамогай ідэалізацыі абазначае, па В. Дняпрову, ствараць мастацкі вобраз "шляхам ачышчэння жыццёвага вобраза ад усяго, што не адпавядае яго ідэі, і шляхам дабаўлення ўсяго, што патрабуецца для поўнай адпаведнасці ідэалу". Але менавіта такім чынам - шляхам "ачышчэння" і "дабаўлення" дзеля больш выпуклага выяўлення родавага зместу - ажыццяўляецца і тыпізацыя ў рэалістычным мастацтве, прычым не толькі тыпізацыя станоўчых характараў, але і тыпізацыя адмоўных характараў. <. >

У аснове мастацкай творчасці ў любым выпадку ляжыць рэальная жыццёвая характэрнасць. І абагульненне ў мастацтве абавязкова мае на мэце ўзвядзенне гэтай характэрнасці ў ранг яе ўсеагульнай значнасці, што дасягаецца шляхам адбору, канцэнтрацыі і творчага "дадумвання" рэальнай характэрнасці ва ўяўленні мастака, г. зн. шляхам тыпізацыі. <. >

Іншая справа, што неабходна адрозніваць розныя прынцыпы тыпізацыі, якія адпавядаюць розным творчым метадам, у тым ліку і рэалізму. Рэалістычная тыпізацыя прадугледжвае праўдзівае мастацкае ўзнаўленне характараў і абставін, што гістарычна склаліся. Але, апроч такога, рэалістычнага прынцыпу тыпізацыі, заснаванага на гістарызме, сусветнае мастацтва ведае і іншыя прынцыпы тыпізацыі, якія таксама далі выдатныя ўзоры мастацкай творчасці. Напрыклад, характэрны для ранніх этапаў мастацкага развіцця - ад старажытнасці да ХVІІІ стагоддзя - прынцып мастацкай канцэнтрацыі рэальных жыццёвых характэрнасцей як убіраючых у сябе сутнасць жыцця ўсяго чалавечага роду, незалежна ні ад часу, ні ад сацыяльнага асяроддзя, г. зн. як тыповых для чалавецтва ў цэлым".

Такім чынам, мы ўшчыльную падыйшлі да азначэння мастацкага вобраза, якое даецца пераважнай большасцю сучасных айчынных эстэтыкаў, мастацтвазнаўцаў і літаратуразнаўцаў.

Мастацкі вобраз - гэта створаная пры дапамозе творчай фантазіі (вымыслу) і маючая эстэтычнае значэнне карціна рэчаіснасці ці духоўнага стану чалавека, у якой абагульненае, характэрнае, тыповае перадаецца праз індывідуальнае, адметнае, непаўторнае.

Стварацца і "апрадмечвацца" мастацкі вобраз можа па-рознаму, дакладней, з самага рознага "матэрыялу" ў залежнасці ад віду мастацтва, дзе гэта робіцца: напрыклад, колеровай і светла-ценевай гамы ў жывапісе, слоў і іх спалучэнняў у літаратуры, гукавой гамы ў музыцы і г. д. Такім чынам, мы пераходзім да відавай дыферэнцыяцыі мастацтва.


1.4 Віды мастацтва. Некаторыя асаблівасці класіфікацыі і сістэматызацыі відаў мастацтва


Відаў мастацтва альбо асобных, прыватных мастацтваў шмат. Гэта абумоўлена не толькі разнастайнасцю сродкаў і прыёмаў стварэння і пабудовы мастацкага вобраза, але і эстэтычнай шматграннасцю свету, а таксама разнастайнасцю эстэтычных запатрабаванняў чалавека.

Гегель вылучыў у свой час і ахарактарызаваў пяць т. зв. "вялікіх" мастацтваў. Гэта архітэктура, скульптура, жывапіс, музыка і паэзія. Сучасная эстэтычная і мастацтвазнаўчая думка вылучае каля паўтара дзесятка асобных відаў мастацтва. Найбольш вядомыя і шырока распаўсюджаныя сярод іх - гэта літаратура, архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, скульптура, жывапіс, графіка, музыка, харэаграфія, тэатр, кіно.

Такая шматстайная галерэя асобных відаў мастацтва, якія, зразумела, знаходзяцца ў цесных узаемасувязях і ўзаемадачыненнях паміж сабой, патрабуе пэўнай упарадкаванасці ўнутры іх і сістэматызацыі.

Найбольш распаўсюджанае і практычна агульнапрынятае размежаване відаў мастацтва адбываецца на аснове элементарных, знешніх, фармальных прыкмет твораў. Яшчэ Арыстоцель адзначаў, што віды мастацтва адрозніваюцца сродкамі падражання. Прыкладна гэтак жа на дадзеную праблему глядзелі Лесінг і Гегель. Большасць сучасных мастацтвазнаўцаў лічыць, што межы паміж відамі мастацтва вызначаюцца формамі, спосабамі мастацкага выражэння (у слове, бачных выявах, у гуках і г. д.). Такім чынам, за аснову бярэцца свой, уласны, асаблівы і спецыфічны для кожнага з відаў мастацтва матэрыяльны носьбіт вобразнасці.

Побач з прыведзенай існуе і іншая, т. зв. "катэгарыяльная" трактоўка відаў мастацтва. Яна ідзе ад эпохі рамантызму. У гэтай трактоўцы не надаецца асаблівай увагі носьбітам вобразнасці, а на першы план выходзяць такія агульнабыційныя і агульнамастацкія катэгорыі, як паэтычнасць, музычнасць, жывапіснасць, якія, як лічыцца, прысутнічаюць у любых формах мастацтва.

Наогул жа, з улікам і першай, і другой канцэпцый, а таксама на аснове некаторых іншых адзнак і прыкмет, вылучаюць мастацтвы выяўленчыя і экспрэсіўныя; прасторавыя і часавыя, а таксама прасторава-часавыя; слыхавыя і зрокавыя; выканаўчыя і невыканаўчыя; простыя (альбо аднасастаўныя) і сінкрэтычныя (альбо шматсастаўныя); відовішчныя (ігравыя); прыкладныя (працоўныя) і г. д.

Як бачна, зыходных момантаў, на якіх грунтуецца класіфікацыйнае азначэнне, шмат. Адпаведна і шмат схем-класіфікацый відаў мастацтва. Толькі ў нашай айчыннай навуцы іх каля дзесятка. Для прыкладу прывядзём дзве з іх: класіфікацыю аднасастаўных мастацтваў вядомага вучонага Г. Паспелава, прыведзеную ў яго кнізе "Искусство и эстетика. - М., 1984"; і, так бы мовіць, "універсальную" класіфікацыю мастацтваў з падручніка "Марксистско-ленинская эстетика. - М., 1983".

Схема класіфікацыі аднасастаўных мастацтваў

з кнігі Г. Паспелава "Искусство и эстетика"


Мастацтвы Выяўленчыя Экспрэсіўныя
Часавыя

Эпічная

славеснасць

Лірычная славеснасць

Музыка

Прасторава-часавыя Пантаміма Танец
Прасторавыя

Жывапіс

Скульптура

Архітэктура

Схема класіфікацыі відаў мастацтва

з падручніка "Марксистско-ленинская эстетика"

Прыкладныя

(працоўныя)

мастацтвы

Архітэктура

Дэкаратыўна-

прыкладное

мастацтва


Прасторавыя

мастацтвы


Выяўленчыя

мастацтвы

Скульптура

Жывапіс

Графіка

Мастацкая

фатаграфія


Мастацтва слова

Мастацтва гука

Літаратура

Музыка

Часавыя

мастацтвы


Відовішчныя

("ігравыя")

мастацтвы

Харэаграфія

Кіно

Тэлебачанне

Эстрада

Цырк


Прасторава-часавыя

мастацтвы



Унутры відаў мастацтва (практычна ў кожным з іх) ёсць свая пэўная, часам даволі шматступянёвая і складаная, дыферэнцыяцыя.


1.5 Пазнавальны аспект мастацтва


Пазнанне праз творы мастацтва пазамастацкай рэальнасці (прыроды, акаляючага асяроддзя, унутранага свету чалавека, грамадскіх адносін) - адна з немалаважных функцый мастацтва.

Пазнавальны аспект мастацтва быў намі часткова закрануты пры разглядзе спецыфікі і структуры мастацкага вобраза. Зараз жа на самых значных момантах гэтага боку мастацтва мы спынімся больш падрабязна.

Пазнавальны аспект мастацтва выяўляецца непасрэдна ў тэматыцы, якая складае неад’емны і пры гэтым фундаментальны пачатак мастацкіх твораў.

Па паходжанню слова "тэма" ("тэматыка") старажытнагрэчаскае (thema) і абазначае літаральна "тое, што пакладзена ў аснову". У мастацтвазнаўстве і літаратуразнаўстве яно выкарыстоўваецца ў розных значэннях. Аднак сярод іх можна вылучыць два асноўныя.

Па-першае, тэмамі імянуюць найбольш істотныя кампаненты мастацкай структуры, аспекты формы, апорныя прыёмы. У літаратуры - гэта значэнне ключавых слоў, тое, што імі фіксуецца. Так, напрыклад, для рамантыкаў характэрна выкарыстанне слоў "воля", "свабода", "барацьба" і г. д. Музыказнаўства таксама выкарыстоўвае тэрмін "тэма" менавіта ў такім значэнні: гэта найбольш яркі музычны фрагмент, які дае характарыстыку ўсяму твору. У дадзенай тэрміналагічнай традыцыі тэма збліжаецца (калі не атаясамліваецца) з матывам.

Другое значэнне тэрміна "тэма", найбольш традыцыйнае, якое ідзе ад тэарэтычных вопытаў мінулага стагоддзя, абазначае непасрэдна ўсё тое, што стала прадметам аўтарскага адлюстравання, асэнсавання і ацэнкі. І менавіта ў такім значэнні мы будзем яго ўжываць далей.

Мастацкая тэматыка надзвычай складаная і шматпланавая. Ідучы ўслед за В. Халізевым, мы будзем разглядаць яе "як сукупнасць трох пачаткаў. Гэта, па-першае, анталагічныя і антрапалагічныя універсаліі, па-другое - лакальныя (часам даволі маштабныя) культурна-гістарычныя з’явы, па-трэццяе - феномены індывідуальнага жыцця (перш за ўсё - аўтарскага) у іх самакаштоўнасці".

У мастацкіх творах увесь час адлюстроўваюцца (хоча таго аўтар ці не) т. зв. канстанты быцця, яго фундаментальныя ўласцівасці. Гэта перш за ўсё такія важнейшыя быційныя і прыродныя пачаткі (універсаліі), як хаос і космас, рух і нерухомасць, жыццё і смерць, свет і цемень, агонь і вада, і г. д. Усё пералічанае складае комплекс т. зв. "анталагічных" тэм мастацтва.

Шматстайны таксама і антрапалагічны аспект мастацкай тэматыкі. Ён уключае ў сябе, па-першае, уласна духоўныя пачаткі чалавечага быцця з іх антыноміямі (адчужанасць і прыналежнасць, гордасць і пакорлівасць, жаданне ствараць ці разбураць, грахоўнасць і праведнасць, і г. д.); па-другое, сферу інстынктаў, звязаных з душэўна-цялеснымі памкненнямі чалавека, куды адносяць лібіда, імкненне да ўлады, матэрыяльных благ, прэстыжных рэчаў, камфорту і г. д.; па-трэццяе, тое ў людзях, што вызначаецца іх палавой прыналежнасцю (мужнасць, жаноцкасць) і ўзростам (дзяцінства, юнацтва, сталасць, старасць); і, нарэшце, па-чацвёртае, гэта надэпахальныя сітуацыі чалавечага жыцця, гістарычна ўстойлівыя формы існавання людзей (праца і адпачынак, будні і святы, канфліктныя і гарманічныя пачаткі рэальнасці, мірнае жыццё і войны ці рэвалюцыі, жыццё ў сваёй краіне ці на чужыне, і г. д.). Падобныя сітуацыі складаюць сферу дзеянняў і намаганняў, нярэдка - пошукаў і прыгод, імкненняў чалавека ажыццявіць свае мэты.

Пералічаныя, а таксама некаторыя іншыя быційныя пачаткі, прыходзячы ў мастацтва, складаюць багаты і шматпланавы комплекс т. зв. "вечных тэм", многія з якіх "архетыпічныя" і бяруць свае пачаткі ў міфалагічнай архаіцы. Гэтая грань мастацкай творчасці з’яўляецца здабыткам усіх краін і эпох. Яна выступае альбо ў якасці яўнага цэнтру твора, альбо прысутнічае ў ім падспудна. А можа нават і не ўсведамляцца аўтарам (т. зв. міфалагічны падтэкст).

У сваім звароце да "вечных тэм" мастацтва крыху родніцца з анталагічна арыентаванай філасофіяй і вучэннем аб прыродзе чалавека (антрапалогіяй). Зазначым таксама, што праламленне ў мастацтве быційных канстант стала прадметам асаблівай увагі прадстаўнікоў шэрагу літаратуразнаўчых школ (міфалагічнай, неаміфалагічнай, псіхааналітычнай).

Побач з універсаліямі ўсяленскага, прыроднага і чалавечага быцця (і ў непарыўнай сувязі з імі) мастацтва ўвасабляе таксама культурна-гістарычную рэальнасць у яе шматпланавасці і багацці.

Так, мастацтвам спасцігаюцца і перадаюцца рысы плямён, народаў, нацый, рэлігійных канфесій, уласцівасці дзяржаўных утварэнняў і буйных геаграфічных рэгіёнаў, якія маюць пэўную культурна-гістарычную спецыфіку (напрыклад, Заходняя і Усходняя Еўропа, Далёкі і Блізкі Усход, лацінаамерыканскі свет і г. д.). Рэцыпіенты мастацтва даведваюцца пры гэтым аб асаблівасцях свядомасці (менталітэту) таго альбо іншага народа, нацыі, іх культурных традыцый, формах зносін, бытавым укладзе, рытуальна-абрадавых дзействах, этыкеце і г. д.

У сувязі з толькі што адзначаным паўстае даволі цікавае і вельмі важнае, асабліва для нас, беларусаў, пытанне аб важнасці звароту мастакоў менавіта да сваёй роднай, нацыянальнай тэматыкі. Па-першае, ніхто не скажа лепш і грунтоўней пра пэўную краіну, народ, як гэта зробіць прадстаўнік менавіта дадзенай краіны, народа. Па-другое, шэдэўры сусветнага мастацтва маюць канкрэтную нацыянальную прывязку. Яны менавіта і моцныя гэтым. Наднацыянальнага мастацтва не існуе. Гэта аксіёма. Як зазначыў у свой час адзін з вядомых іспанскіх пісьменнікаў М. дэ Унамуна, цытату якога В. Халізеў прыводзіць у сваім падручніку, "Шэкспір, Дантэ, Сервантэс, Ібсэн належаць усяму чалавецтву якраз таму, што адзін з іх быў англічанін, другі - фларэнціец, трэці - касцілец, чацвёрты - нарвежац".

Істотным звяном мастацкай тэматыкі становяцца таксама з’явы гістарычнага часу. Мастацтва ўсё больш і больш засвойвае жыццё народаў, рэгіёнаў і ўсяго чалавецтва ў яго дынаміцы. Яно праяўляе цікавасць да мінулага, часам вельмі далёкага. Сюды можна аднесці быліны, эпічныя песні, балады, гістарычную драматургію і раманістыку. Прадметам мастацкага пазнання становіцца таксама і будучае (жанры утопіі і антыутопіі). Але найбольш важнай для мастацтва з’яўляецца сучаснасць. Яна для мастака павінна выступаць у якасці першачарговай тэмы, нават, можна сказаць, своеасаблівай "звыштэмы". Без сучаснасці няма сапраўднага і паўнацэннага мастацтва.

Побач з тэмамі "вечнымі" (універсальнымі) і нацыянальна-гістарычнымі (лакальнымі, але ў той жа час надындывідуальнымі) ў мастацтве адлюстроўваецца і непаўторна індывідуальны, духоўна-біяграфічны вопыт саміх аўтараў. Пры гэтым мастацкая творчасць выступае як самапазнанне. Дадзены бок тэматыкі мастацтва В. Халізеў прапануе імянаваць экзістэнцыяльным. У якасці прыкладу можна прывесці такія, далёкія ад нас па часе напісання творы, як "Споведзь" Аўгусціна Блажэннага, "Боская камедыя" Дантэ, "Споведзь" Русо. Самараскрыццё аўтара, якое носіць у многіх выпадках спавядальны характар, складае значны пласт літаратуры ХІХ-ХХ стст. Пісьменнікі расказваюць у такіх творах пра складаныя, часам надзвычай драматычныя, а то і трагічныя калізіі ўласнага і грамадскага існавання.

Мастацкае самапазнанне і адлюстраванне аўтарскіх экзістэнцый, безумоўна, дамінуе ў лірыцы, якая з’яўляецца пераважна "аўтапсіхалагічнай".

Асабісты і аўтабіяграфічны пласты мастацкай тэматыкі з’яўляліся аб’ектам асаблівай увагі прадстаўнікоў біяграфічнага метаду (Ш.

Если Вам нужна помощь с академической работой (курсовая, контрольная, диплом, реферат и т.д.), обратитесь к нашим специалистам. Более 90000 специалистов готовы Вам помочь.
Бесплатные корректировки и доработки. Бесплатная оценка стоимости работы.

Поможем написать работу на аналогичную тему

Получить выполненную работу или консультацию специалиста по вашему учебному проекту
Нужна помощь в написании работы?
Мы - биржа профессиональных авторов (преподавателей и доцентов вузов). Пишем статьи РИНЦ, ВАК, Scopus. Помогаем в публикации. Правки вносим бесплатно.

Похожие рефераты: