Xreferat.com » Рефераты по зарубежной литературе » Творчасць Кузьмы Чорнага і сусветны мастацкі вопыт

Творчасць Кузьмы Чорнага і сусветны мастацкі вопыт

Размещено на /


Творчасць Кузьмы Чорнага і сусветны мастацкі вопыт


ЗМЕСТ


1. Творчасць Кузьмы Чорнага і сусветны мастацкі вопыт

1.1 Гісторыя праблемы

1.2 Маштабнасць мастацкай задумы пісьменніка

1.3 К.Чорны і літаратура “плыні свядомасці”

1.4 К. Чорны і К. Гамсун

1.5 К. Чорны і руская літаратура

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. Творчасць Кузьмы Чорнага і сусветны мастацкі вопыт


1.1 Гісторыя праблемы


Надзвычай удзячны матэрыял у плане вывучэння нацыянальнай лiтаратуры ў кантэксце сусветнай – спадчына К. Чорнага. Гэта постаць знакавая для беларускага прыгожага пісьменства. Яго творчасць мела надзвычайны ўплыў на развіццё нацыянальнай мастацкай свядомасці, вербальнай культуры беларускага народа ўвогуле як “самавыяўлення духоўнай субстанцыі быцця” (Гегель). Спадчына К. Чорнага выключная па сваёй філасофскай глыбіні. Пісьменнік не толькі вызначыў новы ўзровень мастацкага мыслення, шмат у чым непераўзыдзены нават да нашага часу, яго творчасць аказала значнае ўздзеянне на фармаванне светапоглядных асноў духоўнага жыцця беларускага народа ўвогуле.

Бадай, няма другога такога беларускага пісьменніка, які б здолеў так выразна выявіць нацыянальную ментальнасць і адначасова ўвабраць сусветныя мастацкія і культурныя каштоўнасці, адгукнуцца на іх і нават у нечым прадбачыць, апярэдзіць развіццё творчай думкі. Вывучэнне названай праблемы дазволiць, як бачым, паказаць не толькi тое, якiм чынам адбывалася засваенне сусветнага мастацкага вопыту нашым прыгожым пiсьменствам, але i тое, што давала цi магла даць наша лiтаратура сусветнай, развiвайся яна ў нармальных умовах.

Выключная роля ў асэнсаваннi праблемы: К. Чорны i сусветны мастацкi вопыт належыць А. Адамовiчу (манаграфія “Маштабнасць прозы: Урокі творчасці Кузьмы Чорнага”). У рабоце “Здалёк і зблізку” даследчык пісаў: “...нiхто з сённяшнiх празаiкаў не “замахваецца” на тое, на што рашыўся Чорны: “пераварыць”, “пераплавiць” самых вялiкiх (пiсьменнiкаў – А. М.)” [1, с. 53]. Сам вучоны блiскуча разгледзеў пераемнасць памiж творчасцю Ф. Дастаеўскага i К. Чорнага, Л. Талстога i К. Чорнага. У далейшым распрацоўкай гэтай праблемы плённа займаўся М. Тычына. У раздзеле “Кузьма Чорны” з "Нарысаў па гісторыі беларускарускіх літаратурных узаемасувязей" (Мн., 1994) вучоны асэнсоўвае творы Чорнага 20х гг. у суадносінах з развіццём рускай мастацкай думкі, выяўляе блізкасць і адметнасць светапоглядных пазіцый беларускага празаіка і Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, Л. Ляонава, Ус. Іванова, К. Шолахава, А. Платонава [2]. Разважаючы над праблемай “К. Чорны i сусветная лiтаратура”, нашы даследчыкi часцей называюць iмёны Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, Э. Заля, А. Бальзака, К. Гамсуна.

I. Чыгрын, Дз. Бугаёў, М. Стральцоў, Г. Тварановiч, М. Тычына пашырылi кантэкст даследавання, паставiўшы К. Чорнага поруч з М. Прустам, Дж. Джойсам, У. Фолкнерам, Ф. Кафкам, Э. Хэмiнгуэем, Т. Манам, I. Андрычам, А. Камю. М. Тычына, ацэньваючы творы К. Чорнага ваенных гадоў, адзначае: “Гэта быў унiкальны ў нашай культуры выпадак, калi пiсьменнiк iшоў паралельна, а то i апярэджваў у мастацкiм асэнсаваннi 20 ст. сваiх замежных калег, пра многiх з якiх ён нiчога не чуў i не ведаў (А. Камю, Т. Ман, I. Андрыч). Асобныя старонкi чорнаўскай прозы, вобразы, малюнкi, думкi ўспрымаюцца як мастацкае адкрыццё, як “успамiн пра будучыню” [3, с. 22].

Наватарскi характар творчасцi К. Чорнага падкрэслiвае Л. Корань: “Каб быць сучаснiкам 20 стагоддзя, трэба было быць iнтэлектуалам. I Чорны быў iм. Быў iнтэлектуалам у сваёй мастацкай мове, у выяўленчых формах, часта яшчэ грувасткiх, каструбаватых звонку” [4, с. 78]. Даследчыца выказвае цiкавае меркаванне, што “iдэйная блiзкасць К. Чорнага з класiкаю iншых культур больш пэўная, чым з традыцыямi ўласна нацыянальнымi, i гэта не ў апошнюю чаргу тлумачыцца якраз дыскрэтнасцю ў развiццi культуры беларускай” [4, с. 78].

Глыбокія разважанні адносна пераемнасці і адрозненняў у пазіцыях Ф. Дастаеўскага і К. Чорнага зроблены ў артыкуле М. Стральцова “Шырокасць”. М. Стральцоў адзначыў “прарочыя моманты” творчасцi К. Чорнага “для ўсёй нашай прозы”. Менавiта М. Стральцоў першым загаварыў пра магчымасць супастаўлення творчасцi Чорнага з творчасцю класiка сусветнай лiтаратуры У. Фолкнера: “Але не трэба баяцца падобных супастаўленняў. Духоўны свет iнтэграваны не менш, калi не больш, чым свет сацыяльны, i ў ягоным глыбiнным “космасе” сапраўды “зорка зорцы голас падае” [5, с. 462].

I. П. Чыгрын у манаграфii "Крокі: Проза “Узвышша” (Мн., 1989) адзначаў, што творчы пошук К. Чорнага “адбываўся ў рэчышчы агульнасусветнага мастацкага працэсу” [6, с. 75]. У гэтым кантэксце вучоны называе iмёны Э. Хэмiнгуэя, Ф. Кафкi, М. Пруста, Дж. Джойса.

Цікава аналізуе раннія раманы Чорнага Дз. Бугаёў у артыкуле “Дасягнутае і страчанае”. Даследчык, разважаючы пра блiзкасць паэтыкi рамана “Сястра” да паэтыкi раманаў У. Фолкнера i Дж. Джойса, падкрэслiвае: “…пэўнае падабенства чорнаўскай паэтыкi ў рамане “Сястра” з манерай пiсьма Фолкнера i нават Джойса толькi тыпалагiчнае, не звязанае з непасрэднымi ўплывамi. А гэта азначае, што беларускi пiсьменнiк яшчэ ў пару сваёй маладосцi самастойна намацваў тыя шляхi, на якiх здабылi сусветную славу i Фолкнер, i Джойс. Мы ж свайго класiка некалi найбольш ушчувалi якраз за спробу наблiзiцца да гэтых, як цяпер стала ясна, пасвойму вельмi перспектыўных шляхоў” [7, с. 239].

В. П. Жураўлёў у манаграфii “На шляху духоўнага самасцвярджэння” паказвае "першапраходчыцкую, першаадкрывальніцкую ролю" К. Чорнага ва ўсесаюзным літаратурным працэсе. Даследчык, маючы на ўвазе праблематыку рамана “Сястра”, робiць выснову: “…маладая беларуская лiтаратура ў асобе сваiх найбольш яркiх i таленавiтых пiсьменнiкаў здольна была не толькi ўбiраць у сябе плённы вопыт iншых лiтаратур, але валодала магчымасцю самастойна “выпрацоўваць” такi вопыт…” [8, с. 141].


1.2 Маштабнасць мастацкай задумы пісьменніка

чорны творчасць літаратура

Неабходна звярнуць увагу на заканамерны характар з'яўлення постацi такога маштабу, як К. Чорны. Працэсы беларусiзацыi спрыялi абуджэнню творчага патэнцыялу нашага народа. Гэтая магутная энергiя выявiлася ва ўсплеску пасiянарнай актыўнасцi, у далучэннi да мастацкай творчасцi цэлай кагорты таленавiтай моладзi.

Асэнсоўваючы творчасць К. Чорнага ў працэсе развiцця сусветнай лiтаратуры, належыць сказаць, перш за ўсё, пра маштабнасць мастацкай задумы пiсьменнiка: асэнсаванне чалавечага жыцця ў кантэксце гiсторыi. Гэта задача яднае беларускага празаiка з такiмi класiкамi сусветнай лiтаратуры, як А. Бальзак (эпапея “Чалавечая камедыя”), Т. Ман (раманы “Будэнброкi”, “Чароўная гара” etc), У. Фолкнер (цыкл раманаў “Сага пра Йокнапатофу”), I. Андрыч (“Мост на Дрыне”, “Траўнiцкая хронiка”, “Пракляты двор” etc). Гэтыя пiсьменнiкi паўстаюць “iнфарматарамi” пра нацыянальнае жыццё для астатняга свету.

Так, у творах А. Бальзака i Т. Мана ўсеахопна адлюстравана жыццё адпаведна французскага i нямецкага грамадства. У цэнтры твораў I. Андрыча – нацыянальнае жыццё ў працэсе гiсторыi. Творы У. Фолкнера – скрупулёзнае даследаванне нацыянальнай гiсторыi, заснаванае на грунтоўным вывучэннi чалавека, суб'екта гэтай гiсторыi, яго характару, учынкаў, паводзiн, душэўных памкненняў, урэшце, забабонаў, прымхаў, iнстынктаў. Аналагiчную задачу ставiў перад сабой i К. Чорны – даследаванне нацыянальнага характару праз аналiз такiх катэгорый, як бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва i г.д.: “нарысаваць у мастацкiх вобразах гiсторыю беларускага народа ад паншчыны i да нашых дзён…” Героi названых пiсьменнiкаў паўстаюць як носьбiты нацыянальнай псiхалогii i свядомасцi, увасабляюць пэўныя рысы нацыянальнага характару.


1.3 К. Чорны і літаратура “плыні свядомасці”


Істотная заслуга К. Чорнага – i ў значнай трансфармацыi мастацкай формы. Паказальна, што пiсьменнiк, якога А. Адамовiч назваў “найбольш беларускiм па мове, быту, створаных характарах” [9, с. 8], пiсьменнiк, якi працягваў традыцыю Я. Коласа на эпiчнае, дакладнае ўзнаўленне рэчаiснасцi, у рэшце рэшт, пiсьменнiк, якога можна лiчыць прадстаўнiком нацыянальнага традыцыяналiзму ў лiтаратуры, быў i найбольшым наватарам у галiне мастацкай формы.

Самыя значныя адкрыццi ў мастацтве слова заўсёды характарызуюцца мадэрнiзацыяй эстэтычнай формы. Найбольш яскрава сказанае пацвярджае творчасць заснавальнiкаў новай лiтаратурнай эпохi М. Пруста i Дж. Джойса, з iмёнамi якiх звязаны кардынальны прарыў у галiне прыгожага пiсьменства. Аб тым, што наша лiтаратура не засталася ўбаку ад названых працэсаў, cведчыць творчасць К. Чорнага. Паказальнымi ў гэтых адносiнах з’яўляюцца апавяданнi са зборнiкаў “Пачуццi”, раман “Сястра”.

Мастацкiя адкрыццi празаiка звязаны з абнаўленнем тэхнiчнага арсеналу лiтаратуры, зменамi ў прынцыпах стварэння вобраза. Апошнi будуецца шляхам разлажэння прадметаў, з’яў аб’ектыўнай рэчаiснасцi на асобныя ўражаннi, aдчуваннi, перажываннi. Пiсьменнiк звяртаецца да перадачы самых тонкiх, ледзь улоўных, няўстоўлiвых чалавечых пачуццяў, пераменлiвых настрояў, хуткага пераходу ад аднаго псiхiчнага стану да другога.

У агульных рысах гэтая тэндэнцыя ў творчасцi К. Чорнага супадала са зваротам мастацкай лiтаратуры ў асобе яе вядучых прадстаўнiкоў да выяўлення падсвядомага, адкрытага З. Фрэйдам. Афармляецца новая форма пiсьма, дзе рухомыя, ледзь улоўныя настроi i адчуваннi атрымлiваюць права на прапiску. Па сутнасцi, дзеянне ў гэтых творах перанесена ва ўнутраную сферу, а знешнепадзейны план у агульнай плынi займае невялiкае месца. Мастакоў цiкавяць не столькi самi падзеi, колькi iх адбiтак у свядомасцi i псiхалогii герояў. Можна сказаць, што творы М. Пруста, Дж. Джойса – гэта i ёсць сама свядомасць, “вызваленне свядомасцi” (К. Юнг).

З’яўляецца новы тып псiхалагiзму – непасрэднае выяўленне працэсу думак, разважанняў, пачуццяў, фiксацыя асобных момантаў душэўнага стану. Сутнасць названых навацый у лiтаратуры Х. АртэгаiГасэт бачыць у “змяненнi перспектывы, пункту гледжання на старыя, манументальныя формы выяўлення псiхалогii, што складала змест рамана, i скрупулёзнай ўвазе да мiкрасвету пачуццяў, сацыяльных адносiн i характараў” [10, с. 245]. Сярод прыёмаў, што выкарыстоўваюцца мастакамi, адзiн з самых распаўсюджаных – прыём свабодных асацыяцый, апiсанне ўнутранай паслядоўнай узаемазалежнасцi разнастайных адчуванняў, меркаванняў. Пiсьменнiкi злучаюць аддаленыя ў часе ўспамiны, спалучаюць час лiрычны з часaм эпiчным, перадаюць суiснаванне ў чалавечай свядомасцi непасрэдных уражанняў i залежаў памяцi.

Па сутнасцi, гэта было працягам вялiкай традыцыi мастацтва слова да усё больш глыбокага, дакладнага, падрабязнага спасцiжэння мiкракосму чалавека. Выключная ўвага надаецца феномену памяцi, якая ўспрымаецца як своеасаблiвы масiў, сховiшча чалавечага мiнулага, што мае самадастатковае значэнне. Самакаштоўным прадметам мастацкага выяўлення становяцца ўнутраныя перажываннi асобы, а не падзеi навакольнага жыцця. Дамiнантай у стварэннi вобраза выступае самасвядомасць героя (раман “Сястра”, апавяданнi са зборнiка “Пачуццi”). Мастакоў цiкавяць не столькi самi падзеi, колькi iх адбiтак у свядомасцi i псiхалогii герояў. Такая падрабязная фiксацыя асобных момантаў душэўнага стану герояў, зварот да выяўлення не толькi выразна акрэсленых думак i пачуццяў, але i ледзь улоўных, падсвядомых, былi працягам вялiкай традыцыi мастацтва слова да ўсё больш глыбокага, дакладнага спасцiжэння мiкракосму чалавека. Чорнаўскi псiхалагiзм – гэта нешта грандыёзнае, даводзiцца толькi здзiўляцца глыбiнi спасцiжэння пiсьменнiкам чалавечай душы. Пiсьменнiк шукаў найбольш прыдатныя шляхi выяўлення ўнутранага свету чалавека, i гэтыя пошукi прыводзiлi яго да вельмi цiкавых вынiкаў. Аднак К. Чорны, у адрозненне ад заходніх мадэрністаў (М. Пруст, В. Вулф), не займаецца фiласофскiм цi эстэтычным асэнсаваннем уласнай творчасцi.

Пры ўсёй адрознасцi знешнiх акалiчнасцяў жыцця i спецыфiчнасцi эстэтычных установак досыць вiдавочныя паралелi памiж творчасцю французскага пiсьменнiка М. Пруста (1871 1922) i К. Чорнага. М. Пруст нарадзiўся ў заможнай сям'i, атрымаў выдатную адукацыю i г.д. Творчыя задачы М. Пруста былi чыста мастацкiмi, лiтаратурнымi, эстэтычнымi. Досвед К. Чорнага iншы: паходжанне з «самага дна беларускага жыццябыцця», моцны ўплыў сацыяльных фактараў на творчасць.

Тым не менш, можна вылучыць i агульнае. Папершае, гэта склад натуры абодвух пiсьменнiкаў, што абумоўлiвае пэўныя падыходы да жыцця, людзей, скiраванасць творчых iнтарэсаў. Абодва празаiкi былi надзвычай тонкiмi, ранiмымi людзьмi, з абвостранай пачуццёвасцю. У сваiм рамане “У пошуках страчанага часу” М. Пруст досыць шмат месца прысвяцiў развянчанню жорсткасцi, несправядлiвасцi, эгаiзму. Скразной iдэяй творчасцi К. Чорнага была iдэя чалавечнасцi, сцвярджэнне спагадлiвасцi, дабрынi памiж людзьмi. Пiсьменнiк балюча ўспрымаў любыя захады цiску на чалавека, занядбання яго пачуццяў. Адпаведна, самымi любiмымi персанажамi К. Чорнага, “рупарамi аўтарскiх iдэй”, з'яўляюцца Маня Iрмалевiч, “сястра” для герояў, Радзiвон Цiвунчык, “шчыры чалавечнасцю” (раман “Сястра”), Кравец (“Трэцяе пакаленне”) i iнш.

Падабенства памiж К. Чорным i М. Прустам не толькi ў прынцыпах адлюстравання свядомасцi, але i ў самой канцэпцыi: сцвярджэннi самакаштоўнасцi чалавека, багацця i невычэрпнасцi яго ўнутранага свету. Аднак, калi М. Пруст iмкнуўся перадаць чытачу пэўны эмацыянальны настрой, перадаць адчуванне часу ў яго “чыстым выглядзе”, своеасаблiвае “прасвятленне”, перажытае пiсьменнiкам, то К. Чорны ўвогуле захоплены адкрыццём чалавека, складанасцю яго ўнутранай арганiзацыi. Да таго ж у беларускага празаiка дадавалiся сацыяльныя фактары: усведамленне неабходнасцi супрацьстаяць цiску на чалавека, iмкненню ператварыць яго ў “вiнцiк”, пазбавiць свабоды самавыяўлення, супрацьстаяць утылiтарнаму i прагматычнаму погляду на чалавека. Падобныя матывы гучаць у рамане “Сястра”, апавяданнях “Сцены”, “Трагедыя майго настаўнiка”, “Справа Вiктара Лукашэвiча”.

Падругое, М. Пруст з'яўляецца аўтарам арыгiнальнай паэтычнай тэорыi, дзякуючы якой пiсьменнiк спадзяваўся пераадолець супярэчнасць памiж рэальнасцю i марай, стварыць з iмгненных адчуванняў, перажыванняў мастацкi твор. Фiласофскiя i эстэтычныя разважаннi М. Пруста – неад'емная частка яго рамана. Французскага пiсьменнiка, як вядома, цiкавiла праблема часу. Празаiку належыць своеасаблiвая тэорыя памяцi, што адлюстравана ў структуры яго твора. Для М. Пруста, у адпаведнасцi з iдэямi А. Бергсона, успрыманне нейкiх з'яў, рэчаў, прадметаў звязана з памяццю, з мiнулым вопытам, бо кожнае ўспрыманне ёсць успамiн. Даследчыкi лiчаць знакамiты эпiзод з пiрожным мадлен iлюстрацыяй duree А. Бергсона, калi сучаснае, мiнулае i будучыня ўспрымаюцца як адно цэлае (дзеля справядлiвасцi трэба зазначыць, што М. Пруст адмаўляў уплыў А. Бергсона на сваю творчасць).

Такiм чынам, раман французскага пiсьменнiка – гэта яшчэ i своеасаблiвы паэтычны, фiласофскi манiфест, адлюстраванне, выяўленне, вытлумачэнне працэсу творчасцi. Сама ж творчасць, згодна М. Прусту, з'яўляецца цалкам iрацыянальнай, iнтуiтыўнай (работа М. Пруста, прысвечаная Ш. О. СэнтБёву).

Для К. Чорнага актуальнымi былi iншыя праблемы. У яго творах адсутнiчаюць фiласофскiя разважаннi адносна прыроды мастацкай творчасцi i г. д. Аднак той жа феномен памяцi цiкавiць i К. Чорнага. Але ў беларускага пiсьменнiка ён разглядаецца ў кантэксце праблемы чалавека ўвогуле, як адно з праяўленняў, сведчанняў складанасцi ўнутранай арганiзацыi чалавека. Тут можна ўзгадаць эпiзод з апавядання “Пачуццi” К. Чорнага, калi варанае шчаўе выклiкае лiтаральна буру ў пачуццях героя. Памяць вяртае яго ў мiнулае, калi памерла сястра i таксама стаяў посуд з вараным зеллем. Герой да драбнiц узгадвае свае тагачасныя адчуваннi, думкi, жаданнi, нават пахi. Мiнулае i сучаснае злiваюцца ў адно цэлае. Падобны прыём досыць часта выкарыстоўваецца К. Чорным.

Такiм чынам, у наяўнасцi як вiдавочная паралель з бергсонаўскапрустаўскай канцэпцыяй часу (пра непарыўнасць часу), так i падабенства ў прынцыпах адлюстравання свядомасцi чалавека. Памяць, успамiн у М. Пруста i К. Чорнага не з'яўляюцца вынiкам работы iнтэлекта. Успамiн, як правiла, носiць выпадковы характар, ён можа быць абумоўлены самымi рознымi знешнiмi фактарамi. Нейкая асацыяцыя выклiкае шквал пачуццёвых, эмацыянальных рэакцый. Вытлумачэнне гэтых рэакцый, эмоцый, iмпульсаў, згодна М. Мамардашвiлi, ёсць “пачатак iндывiдуалiзацыi свету” [11, с. 157].

М. Пруст з'яўляецца адным з самых выдатных прадстаўнiкоў лiтаратурнага iмпрэсiянiзму. Рысы iмпрэсiянiстычнай паэтыкi таксама адчувальныя ў мастацкiм стылi К. Чорнага 20х гадоў.

Падабенства памiж мастацкай практыкай французскага i беларускага пiсьменнiка i ў тым, што для абодвух актуальным было менавiта iнтуiтыўнае спасцiжэнне рэчаiснасцi (у творчасцi К. Чорнага гэта тэндэнцыя найбольш выразна выяўлена ў 20х гадах 20 стагоддзя).

Даследчыкi характарызуюць названыя працэсы як iмкненне лiтаратуры да прасторавай формы. Так, Д. Фрэнк сутнасць эвалюцыi эстэтычнай формы сучаснага рамана тлумачыць на аснове аналагiчных працэсаў у паэзii: “Замест iнстынктыўнага, непасрэднага суаднясення слоў i фрагментаў з прадметамi i падзеямi, абазначэннямi якiх яны з’яўляюцца, калi значэнне ўзнiкае як вынiк паслядоўных актаў знешняй рэферэнцыi, сучасная паэзiя прапануе затрымаць гэты працэс знешняга ўпарадкавання, пакуль сiстэма ўнутраных рэферэнцый не будзе ўсвядомлена як адзiнае цэлае” [12, с. 203].

Мастацкiя задачы, што iмкнуўся сцвердзiць К. Чорны пры напiсаннi сваiх твораў, безyмоўна, адрознiвалiся ад творчых установак заходнiх лiтаратараў.

М. Пруст жадаў данесцi адчуванне часу ў яго чыстым выглядзе, перадаць каштоўнасць перажытых iм момантаў пераадолення часу праз духоўныя высiлкi. Пiсьменнiк неаднойчы пiсаў, што яго твор павiнен “увасобiць форму, якая звычайна застаецца нябачнай, форму часу”. М. Пруст адыходзiць ад лiнейнай паслядоўнасцi ў апiсаннi. Ён пaказвае сваiх герояў у розныя перыяды iх жыцця, апускаючы вялiкiя часавыя прамежкi. Намаганнi ж Дж. Джойса былi накiраваны на свядомую трансфармацыю раманнай формы (мастак iмкнуўся стварыць сучасны эпас, дзе б прысутнасць аўтара амаль не адчувалася). Беларускi празаiк у сваёй творчасцi кiраваўся жаданнем перадаць багацце i разнастайнасць унутранага свету чалавека, сцвердзiць каштоўнасць любых, нават самых няўлоўных рухаў чалавечай свядомасцi, сцвердзiць самакаштоўнасць чалавека ўвогуле.

Трэба сказаць, што беларускi пiсьменнiк кiраваўся не толькi творчымi задачамi. Да чыста мастацкiх у яго дадавалiся i сацыяльныя: сцвердзiць, насуперак набiраўшай моц тэндэнцыi унiфiкацыi чалавека, ператварэння яго ў “вiнцiк”, значнасць, складанасць чалавечай асобы. Гэтыя творчыя ўстаноўкi розных мастакоў прыводзiлi да аднолькавых вынiкаў – пашырэння выяўленчых магчымасцей прозы, навацый у галiне прынцыпаў i прыёмаў адлюстравання.

Такiм чынам, пошукi заходнiх лiтаратараў i К. Чорнага – тыпалагiчна роднасныя з’явы. Пiсьменнiкi iмкнулiся да пашырэння аб’ёму i формаў даследавання рэчаiснасцi.

Навацыi К. Чорнага звязаны i са змяненнем структурнай ролi дыялогу, якi дазваляе перадаць саму плынь жыцця, данесцi яго шматстайнасць, цякучасць. Падобны падыход вылучаў i У. Фолкнера. Скрупулёзнае, падрабязнае ўзнаўленне гаворак герояў – iмкненне пiсьменнiкаў да як мага больш поўнага пранiкнення ў быццё. Падабенства памiж творамi амерыканскага i беларускага празаiкаў – i ў лакальнасцi, аўтаномнасцi дзеяння. К. Чорны неаднойчы паўтараў, што яму ўсё жыццё хопiць апiсваць свае родныя Цiмкавiчы i iх жыхароў. Аналагiчныя прызнаннi выказваў У. Фолкнер.

Мы можам сцвярджаць, што падобныя навацыi К. Чорнага былi вынiкам яго натуральнага мастацкага развiцця, выражэннем унутраных духоўных запатрабаванняў. К. Чорны iнтуiцыйна ўлоўлiваў тэндэнцыi эвалюцыi сучаснай яму лiтаратуры. Падабенства з творамi названых заходнiх пiсьменнiкаў тут тыпалагiчнае.

Сказанае пацвярджае, што ў асобе К. Чорнага айчынная лiтаратура мае пiсьменнiка сусветнага (не пабаiмся гэтага вызначэння) узроўню, мастака надзвычай чуйнага, адоранага, якi iнстынктыўна ўлоўлiваў тыя тэндэнцыi, што вылучалi развiццё сучаснай яму сусветнай лiтаратуры. А ў многiм i апярэджваў свой час.


1.4 К. Чорны і К. Гамсун


Пра адпаведнасць творчасці К. Чорнага найноўшым тэндэнцыям у развіцці мастацкай свядомасці сведчыць яе падабенства з творчасцю нарвежскага пiсьменнiка К. Гамсуна (1859–1952), які з'яўляецца фігурай знакавай для сусветнай літаратуры. К. Гамсун быў вельмі папулярным на Беларусі яшчэ ў 20х гадах, яго чыталі (ўзвышаўцы знаёмiлiся з перакладамi К. Гамсуна на ўкраiнскую мову, да таго ж К. Гамсуна актыўна друкавалi ў Расii), яго творчасць асэнсоўвалi (артыкул У. Дубоўкi “Пра новы раман К. Гамсуна”), на яго арыентаваліся. Увогуле, К. Гамсун і беларуская літаратура – прадмет даволі грунтоўнага і сур'ёзнага даследавання: “Плёны зямлі”, “Новая зямля” К. Гамсуна і “Новая зямля” Я. Коласа, “Зямля” К. Чорнага. Падабенства наглядаецца ўжо на ўзроўні назваў твораў. Вядома, што К. Чорны быў знаёмы з творамі нарвежскага пісьменніка, цікавіўся імі. Аб папулярнасцi нарвежскiх аўтараў у Беларусi пiша П. Васючэнка: “Надзвычайная папулярнасць нарвежскiх аўтараў на прыканцы 19 – на пачатку 20 ст. праявiлася i ў беларускiм лiтаратурным жыццi”. Яшчэ на пачатку 20 стагоддзя ў Беларусi ставiлiся п'есы Г. Iбсена, яго творчасць асэнсоўвалася Ул. Самойлам.

Праблема “К. Чорны i К. Гамсун” мае ўжо сваю гiсторыю. Паказальна, што нават крытыкi 2030х гадоў мiнулага стагоддзя адзначалi падабенства памiж творамi К. Гамсуна i К. Чорнага. Так, Я. Лiманоўскi пiсаў: “Найбольш характэрнае, што наглядаецца ў гэтым рамане (“Сястра” – А.М.) К. Чорнага, як i ў iншых яго творах таго часу, гэта ўплыў на пiсьменнiка твораў К. Гамсуна. К. Чорны ўспрыняў ад К. Гамсуна псiхалагiзм, бiялагiзм у буржуазным, iдэалiстычным асвятленнi…”

Не адвяргаючы ўплываў раманаў К. Гамсуна на К. Чорнага, мы ўсё ж такі схільны лічыць, што пераемнасць паміж творамі класіка нарвежскай і класіка беларускай літаратуры хутчэй тыпалагічная, абумоўленая не толькі блізкасцю іх мастацкіх сістэм, але і ментальнай блізкасцю пісьменнікаў, а таксама падабенствам у гістарычным, геаграфічным і культурным развіцці Беларусі і Нарвегіі ўвогуле.

К. Гамсун і К. Чорны – празаікі, што стварылі аб'ёмныя, дакладныя вобразы сваiх краiн, выявілі нацыянальнамастацкі тып селяніна, выявілі сам дух сваіх нацый, традыцыйныя нацыянальныя маральныя каштоўнасці. К. Гамсун стаў увасабленнем нарвежскага фундаменталізму ў літаратуры, К. Чорны працягваў распачатую Я. Коласам лінію на маштабнае, усеахопнае адлюстраванне нацыянальнага жыцця. Немагчыма не ўзгадаць словы А. Адамовiча: “Калi трэба назваць празаiка найбольш беларускага па мове, быту, створаных характрах, хiба не К. Чорнага ўспамiнаем мы перш за ўсё?”

Творы К. Гамсуна і К. Чорнага – гэта манументальнае палатно, дзе поўна, грунтоўна выпісаны партрэты Нарвегіі і Беларусі. Тут і малюнкі прыроды, i побыт, i нацыянальны светапогляд, i самабытная філасофія. Прычым гэты побыт, жыццёвы ўклад, маральныя ўяўленні, спецыфіка мыслення, адлюстраваныя пiсьменнiкамi, вельмі падобныя. Як вядома, найбольшы ўплыў на фармаванне нацыянальнага светапогляду, ладу i стылю мыслення мае прырода. Тып культуры, як даводзiць П. Рыкёр, вызначаецца менавiта спосабам засваення прасторы i часу. Асаблівасці навакольнага асяроддзя вызначаюць характар заняткаў насельніцтва, гаспадарання. Беларускія філосафы, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы гавораць пра цэнтральнаеўрапейскі характар нацыянальнай культуры, ментальнасці, пра блізкасць Беларусі да краін Скандынавіі і Бенелюкса i па ўмовах жыцця, побыту, характару і па асаблівасцях культурнага развіцця: “Калі згуртаваць для аналізу ўсе картаграфічныя, гістарычныя, этнаграфічныя і іншыя дадзеныя, атрымаецца абсалютна дакладнае ўяўленне аб цэнтральнаеўрапейскім знаходжанні Беларусі… Асаблівасці беларускай прыроды, як і прырода на іншых тэрыторыях БалтыйскаСкандынаўскага рэгіёна, сфарміраваны сцюдзёным наступам ледавікоў, а яе аўтахтонныя жыхарыбеларусы маюць у генезісе балцкі субстрат. Геаметрызму калектыўных форм уласцівы архаічны і чысты рамбічны стыль, характэрны для Поўначы і г.д.”.

Беларуская і нарвежская нацыі фармаваліся як земляробчыя ў сваёй аснове, што вызначыла своеасаблiвы тып ментальнасцi. Чалавек і зямля, жыццё чалавека на зямлі, зямля як фундамент чалавечага быцця, аснова ўсяго існага – вызначальныя тэмы твораў Б'ёрнст'ернэ Б'ёрнсана, К. Гамсуна, Тар'ея Весаса. Чалавек і зямля – паказальная тэма і беларускай літаратуры: «Новая зямля» Я. Коласа, “Зямля” К. Чорнага, “Палеская хроніка” І. Мележа, творы В. Адамчыка, І. Пташнікава і г.д. Як трапна выказаўся П. Васючэнка, “апантанасць зямлёю, фізічнае суіснаванне з ёю – кардынальная тэма, якую распрацоўвае беларуская літаратура. Селянін за плугам – яе Сізіф, які марна рухае камень экзістэнцыi”.

Такiм чынам, у цэнтры раманаў “Плёны зямлi” К. Гамсуна i “Зямля” К. Чорнага – культ зямлi, жыцця, апяванне жыцця чалавека на зямлi. Героі абодвух пісьменнікаў літаральна ўкаранёны ў жыццё, зямлю, знітаваны з ёю. Таму і зямля падаецца як універсальная каштоўнасць. Зямля, “свая зямля” мае ў раманах пiсьменнiкаў асноватворнае, філасофскае значэнне. Стаўленне да зямлi герояў адпавядае “спракаветнай звычцы вызначаць існасць уласнага існавання ў адпаведнасці з існасцю свайго месца, сваёй зямлі” [6, с. 180].

Моцная прывязанасць да зямлi вылучае герояў К. Чорнага: “А тым часам ніколі не цурайцеся зямлі. Няхай яна будзе сабе ў вас за плячыма. Часам давядзецца, жывучы па свеце, прыперціся да яе. А яна заўсёды прыме, і не абыяк прыме. Бо, можна сказаць, яна заўсёды гатова для чалавека, – прыйшоў да яе, не пашкадуй для яе поту, рук, і яна табе аддзякуе...”.

Аналагічныя матывы гучаць і ў творы К. Гамсуна. Дастаткова ўзгадаць выпадак з прапановай аглядаць тэлеграфныя слупы, за што герой “Плёнаў зямлi” Iсаак мог бы зарабіць значнай болей (і лягчэй), чым працуючы на зямлі. Аднак герой успрыняў такую магчымасць насцярожана, для яго гэта раўназначна разбурэнню звыклага свету жыцця: “Але, справа ў тым, што жыву я тут дзеля зямлi. У мяне вялiкая сям'я, шмат скацiны, трэба ўсiх пракармiць. Мы жывём зямлёю”. Адсюль – з усведамлення універсальнай каштоўнасці зямлі – і своеасаблівая філасофія існавання, так званы філасофскі універсалізм (П. Васючэнка) твораў нарвежскага і беларускага празаікаў. Здавалася б, нічога надзвычайнага не адбываецца ў раманах “Плёны зямлі” К. Гамсуна і “Зямля” К. Чорнага: павольная, размераная хада жыцця, паўсядзённыя справы герояў, але менавіта гэтыя паўсядзённыя справы – аснова вечнага, існага. К. Гамсун і К. Чорны выступаюць дэміургамі, пішуць Кнігу Быцця: “Дробныя i значныя падзеi змяняюць адна другую, гэта – ежа, сон i праца, гэта – нядзеля з мыццём твару i расчэсваннем валасоў... Паўсядзённнае жыццё, падзеi, што цалкам захоплiваюць навасельцаў. О, – гэта зусiм не дробязi, гэта лёс, само жыццё, ад гэтага залежыць шчасце, радасць, дабрабыт”.

Зварот да сялянскай тэмы – гэта зварот да асноватворных момантаў нацыянальнага жыцця, імкненне асэнсаваць, спасцігнуць карэнныя пытанні быцця народа. Сюжэт абодвух раманаў пазбаўлены мудрагелістай інтрыгі. Клопаты герояў рамана “Плёны зямлі” тычацца зямнога: працы на сваім полі, думак пра ўраджай, хлеб надзённы. Празаік падрабязна апісвае, як абжываюць яго героі зямлю, як наладжваюць гаспадарку. У цэнтры твора К. Чорнага – жыццё адной вёсачкі, адлюстраванне тых здарэнняў, якія штодня адбываюцца з яе жыхарамі. Калі б не імёны герояў, не геаграфічньія назвы і, безумоўна, сацыяльныя акалічнасці, то цяжка было б вызначыць, дзе адбываецца дзеянне: “Доўгая, доўгая сцежка iдзе па балотам i губляецца ў лесе... Ранiцай перад яго вачыма паўстае ландшафт: лес i лугавiна, ён спускаецца ўнiз, далека бачыць выгiн ракi i зайца, якi якраз пераскоквае праз яе адным махам. Чалавек кiвае галавой, як быццам так i трэба, каб рака была не больш за скачок зайца”. А вось цытата, якая асабліва ці, лепш сказаць, традыцыйна блізкая беларускаму сэрцу: “О, бульба – цудоўная гароднiна, яна вытрымлiвае засуху, вытрымлiвае сырасць, а сама расце. Яна не баiцца нiякага надвор'я, а калi чалавек трошкi яе дагледзiць, яна адплочвае разоў у пятнаццаць”.

Істотная адметнасць абодвух раманаў – гэта чаргаванне шматлікіх бытавых малюнкаў, узнаўленне гаспадарчых клопатаў сялян, “заземленасць” (В. Каваленка) мастацкага вобраза, нейкая непасрэднасць бачання, пранікнёнасць у быццё, лiрызм. Чытаючы раманы К. Гамсуна, разумееш, чым яны прыцягвалі ўвагу беларускіх пісьменнікаў. Тут літаральна пануе стыхія быццёвага: “Пасля Iсаак павёз ячмень на млын, змалоў яго i вярнуўся дадому з мукой. А пасля iзноў узяўся за лес i пачаў нарыхтоўваць дровы на будучы год. Жыццё яго iшло ад адной работы да другой у адпаведнасцi з парою года, ад зямлi да лесу, i ад леса iзноў да зямлi”.

К. Гамсун і К. Чорны выступілі захавальнікамі традыцыйных каштоўнасцей, традыцыйнага ладу жыцця. Нездарма пiльная крытыка тых часоў абвiнавацiла К. Чорнага ў нацдэмаўшчыне, кулацтве, залiчыла раман пiсьменнiка да “правай небяспекi” (Рэзалюцыя пленума Бел АППа, “Маладняк”, 1929, № 4). Падрабязна апісваючы заняткі сваіх герояў, празаікі імкнуцца давесці іх значнасць, важнасць. У раманах К. Чорнага i К. Гамсуна няма ніякіх кніжных перабольшанняў: строгая, простая манера апавядання, няспешнасць, грунтоўнасць у апісаннях. Такая ўвага да рэчыўнага, побытавага свету ўласціва менавіта літаратурам так званых сялянскіх нацый. Нягледзячы на розніцу ў сацыяльньх умовах, агульны пафас твораў К. Гамсуна і К. Чорнага – у апяванні селяніна, яго працы, у апяванні высокай сутнасці і святасці гэтай працы, у сцвярджэнні несмяротнасці народнага жыцця.

К. Гамсун і К. Чорны апяваюць не толькі традыцыйны лад жыцця селяніна, але і тыя духоўныя каштоўнасці, што выпрацоўваліся не адно стагоддзе і дапамаглі чалавеку выжыць у няпростых умовах. Героі абодвух пісьменнікаў – людзі, што кіруюцца маральнымі законамі, людзі з чыстым сумленнем і думкамі.

Если Вам нужна помощь с академической работой (курсовая, контрольная, диплом, реферат и т.д.), обратитесь к нашим специалистам. Более 90000 специалистов готовы Вам помочь.
Бесплатные корректировки и доработки. Бесплатная оценка стоимости работы.

Поможем написать работу на аналогичную тему

Получить выполненную работу или консультацию специалиста по вашему учебному проекту
Нужна помощь в написании работы?
Мы - биржа профессиональных авторов (преподавателей и доцентов вузов). Пишем статьи РИНЦ, ВАК, Scopus. Помогаем в публикации. Правки вносим бесплатно.

Похожие рефераты: